Цэнтр дапамогі палякам у Беларусі працягне дзейнасць у Беластоку



Калі спатрэбіцца, Цэнтр дапамогі палякам у Беларусі працягне дзейнічаць і ў наступным годзе. Пра гэта заявіў упаўнаважаны польскага ўрада па справах польскай дыяспары і палякаў замежжа Ян Дзедзічак на канферэнцыі па падвядзенні вынікаў шасцімесячнай працы гэтага цэнтра.

– Польшча не пакіне сам-насам палякаў у Беларусі. Польшча ім дапамагае. Кожнаму паляку з Беларусі, які трапіў у Польшчу, аказваецца разнастайная дапамога. Рады таму, што Беласток з’яўляецца сталіцай дапамогі палякам Беларусі, якія прыязджаюць у Польшчу. Сэрца нашай народнай падтрымкі знаходзіцца па гэтым адрасе тут, у Беластоку. Маем надзею, на працяг гэтага вельмі патрэбнага праекту ў наступным годзе.

Старшыня Падляшскага аддзялення „Wspolnota Polska” Ганна Кетліньска паведаміла, што да гэтага часу Цэнтр аказаў розную дапамогу 275 асобам, часцей за ўсё фінансавую. Таксама былі выдзелены сродкі на юрыдычную дапамогу лідарам Саюзу палякаў Беларусі Анжэліцы Борыс і Анджэю Пачобуту, якія сядзяць у беларускай турме.

– Была аказана прававая дапамога лідарам Саюза палякаў у Беларусі Анжаліцы Борыс, Анджэю Пачобуту, а таксама Ігару Банцэру.

Цэнтр дапамогі палякам у Беларусі  прапануе таксама дапамогу ў вырашэнні адміністрацыйных спраў, звязаных са знаходжаннем у Польшчы, запаўненнем дакументаў, пошукам працы, жылля, месцаў для дзяцей ва ўстановах адукацыі. Маючыя патрэбу атрымліваюць матэрыяльную дапамогу на першы час знаходжання ў Польшчы, а таксама дапамогу ў вывучэнні польскай мовы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя