Цэнтр культуры ў Гарадку запрашае на “Дажынкі”



На традыцыйнае свята “Дажынкі” запрашае Гмінны цэнтр культуры ў Гарадку ў бліжэйшую нядзелю, 7-га верасня. Гэта свята найперш тых, хто працуе на зямлі і мае магчымасць прадставіць плён сваёй сёлетняй працы. Таксама запрашаюцца ўсе ахвотныя добра пабавіць час, у тым ліку і пад музыку фальклорных калектываў.

“Праграма мерапрыемства вельмі насычаная”, – запэўнівае дырэктар цэнтра культуры Юры Хмялеўскі:

– „Дажынкі” ў нас пачнуцца малітвамі ў цэрквах і ў касцёле ў Гарадку. Пасля абеда ад 15-й гадзіны пачнецца мерапрыемства над вадаёмам у Зарэчанах, будзе абрадавая частка, будзе бохан хлеба, дажынкавыя вяночкі, будзе карагод. Пасля гэтай абрадавай чаксткі пачнецца мастацкая частка.

На сцэну ў час “Дажынак” выйдуць найперш музычныя калектывы, якія дзейнічаюць пры цэнтры культуры ў Гарадку. Таксама выступяць “Арляне” з Орлі і калектыў “Стрыгаўскія чараўніцы” з Кобрыншчыны, бо менавіта з гэтым рэгіёнам мясцовы Дом культуры мае вельмі шчыльныя кантакты.

На завяршэнне імпрэзы зайграе Samokhin Band з Лодзі, а танцы працягнуцца да поўначы.

plakat_logo_biale

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя