Цэнтр падтрымкі іншаземцаў у Беластоку дапамог 154 беларусам



15 снежня скончылася новая кароткатэрміновая праграма падтрымкі беларусаў, у рамках якой можна было атрымаць аднаразовую фінансавую дапамогу на медыцынскую страхоўку ці аплату жылля ў Польшчы.

 

Цэнтр падтрымкі пералічыў беларусам больш за 220 тысяч злотых. Гэтая грашовая сума была размеркаваная між 154 удельнікамі праграмы, кажа прадстаўнік цэнтра Ліза Міцкевіч:

– Са 185 заявак, якія былі нам дасланыя, размеркавалі дапамогу 154 беларусам. 31 беларус на жаль не змог атрымаць фінасавую дапамогу па той прычыне, што яны не даслалі дакументы ў тэрмін ці былі нейкія фармальныя памылкі. Да 10-га снежня ўсе фінансавыя сродкі былі выплачаныя, таму не толькі сем’і, але і людзі, якія прыехалі сюды самастойна, усе атрымалі гэтую фінансавую дапамогу на рахунак, або наяўнымі.

Таксама ў рамках праграмы беларусы мелі магчымасць бясплатна скарыстацца паслугамі перакладчыка, псіхолага, кансультанта па працаўладкаванню ды іншых спецыялістаў.

Цэнтр падтрымкі іншаземцаў у Беластоку пры фондзе „Акно на Усход” узнік больш за 10 гадоў таму з мэтай падтрымкі мігрантаў з Усходу. Сёлета арганізацыя засяродзілася на дапамозе беларусам, якія прыехалі ці плануюць пераезд у Польшчу. У наступным годзе таксама плануюцца розныя праекты дзеля падтрымкі беларусаў, паведаміла Ліза Міцкевіч.

Больш інфармацыі пра працу Цэнтру вы пачуеце ў перадачы „Госць “Рацыі”:

Беларускае Радыё Рацыя