Ці адбываецца ва Украіне люстрацыя ?
У Варшаве ва “Украінскім Свеце” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскай улады ды грамадскіх арганізацый, якія адказныя за рэалізацыю закону “Пра чыстку ўлады”, прынятага Вярхоўнай Радай у кастрычніку мінулага года.
Закон быў прыняты дзякуючы ціску грамадскасці, у дзень галасавання пад украінскім Парламентам нават палілі шыны. Аляксандра Андрыйка з грамадскай Рады пры Міністэрстве юстыцыі выказала думку, што з люстрацыяй марудзяць праз нежаданне вышэйшых уладаў Украіны:
– Працэс люстрацыі ва Украіне расцягнуты на два гады. Зараз адбываюцца люстрацыйныя праверкі. Такім чынам, закон дзейнічае. Але недастатковая палітычная воля, не хапае жадання вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы правесці чыстку ў сябе і ачысціць дзяржаўныя органы. Таму мы фіксуем парушэнні, бо застаецца шмат чыноўнікаў, якіх павінны былі ўжо даўно звольніць, а яны па-ранейшаму займаюць свае пасады.
У сваю чаргу Юрый Цітоў, сябра Вышэйшай кваліфікацыйнай камісіі суддзяў Украіны – органу, адказнага за люстрацыю суддзяў, зазначыў, што гэты працэс ня можа быць хуткім:
– Гэты працэс не такі хуткі. Грамадскасці хочацца, каб як мага хутчэй усіх пазвальнялі. Але гэта складаная працэдура: праводзяцца праверкі, збіраюцца тлумачэнні.
Удзельнікі сустрэчы таксама зазначылі, што ўкраінскай грамадскасці трэба кантраляваць выкананне закона аб люстрацыі, бо ў “выканаўчых уладаў ёсць спакуса падпарадкаваць сабе судовую сістэму.”
[Not a valid template]
Адам Завáльня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара