Ці адчуваюць сябе вольнымі расейскія СМІ?
Ілля Жэгулеў, журналіст зарэгістраванага ў Латвіі расейскамоўнага Інтэрнэт-выдання Meduza.io, распавядае пра тое, ці ёсць у Расеі сапраўды незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
“У Расеі яшчэ ёсць цалкам незалежныя СМІ, але калідор усё больш звужаецца, — сказаў журналіст падчас сустрэчы з калегамі з былых краін Саюза. — Хоць нават “падкантрольна-незалежныя” СМІ часам выдаюць даволі самастойную і праўдзівую інфармацыю. Таму, ў гэтым плане, не ўсё так дрэнна, нягледзячы на тое, напрыклад, што ўладальнікам выдавецкага дома “Камерсант” з’яўляецца Алішэр Усманаў, і ў выданні адбыліся вялікія змены ў частцы палітыкі выдання. Тым не менш, месца для аб’ектыўнай журналістыкі яшчэ застаецца”.
Па словах Іллі Жэгулева, год таму ў Расеі выйшаў закон, які забараніў замежнікам валодаць больш чым 20 адсоткамі акцыяў любых выданняў. Тым, хто мае большую долю, прадпісана да пачатку 2016 года прадаць акцыі. І многія прадаюць з істотным дысконтам. Такім чынам, расейскія СМІ трапляюць яшчэ ў большую залежнасць ад улады.
«У апошнія месяцы прадалі русейскі «Форбс» і «Ведомости», — працягвае калега, — Першы прадавалі некалькі месяцаў. У выніку знайшлі пакупніка – Аляксандра Фядотава. Гэта даволі загадкавы тып з мутнай біяграфіяй, які купіў «Форбс» і ў адным з першых інтэрв’ю заявіў, што яму не падабаецца, што выданне шмат часу прызначае палітыцы. Таму на самай справе сапраўды незалежных СМІ ў Расеі засталося не так і шмат – “Новая газета”, “Радыё Свабода”, “Мядуза”, якая была зарэгістраванае год таму ў Латвіі, як рускамоўнае Інтэрнэт-выданне. Яно створана былым галоўным рэдактарам lenta.ru Галінай Цімчанка. У свой час уладальнік адправіў Цімчанка ў адстаўку пасля адной публікацыі, дзе проста была спасылка на інтэрв’ю лідара ўкраінскага “Правага сектара” Дзмітрыя Яраша. Разам з галоўным рэдактарам сышла практычна ўся каманда «Ленты». А праз нейкі час быў знойдзены інвестар і створаны новы праект са штаб-кватэрай у Латвіі».
Чаму менавіта ў Латвіі? Ілля Жэгулеў кажа, што прыбалтыйская краіна выступае гарантам незалежнасці і недатыкальнасці:
«Напрыклад, нас нельга закрыць па расейскім законам аб інвестарах, пра што я распавядаў, — дадае ён, — Увогуле, за год з нечым нага аўдыторыя ўжо 3,5 мільёны наведвальнікаў у месяц, гэта вельмі добры паказчык. У прынцыпе, сайт могуць заблакаваць, але пакуль гэтага няма. Хоць, трэба сказаць, мы рыхтуемся да самых радыкальных мераў у адносінах да выдання».
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя