Ці апраўдае чаканні сістэма электроннай чаргі?
Падляшскія мытныя службы спрабуюць вырашыць пытанне чэргаў грузавых аўтамабіляў на мяжы. Вялізныя чэргі на выезд з Польшчы – гэта ўжо звыклая з’ява, асабліва ў выходныя дні. Кіроўцам даводзіцца чакаць нават суткі, не маючы нармальнага адпачынку. Дзеля вырашэння праблемы ствараецца сістэма “Электроннай рэгістрацыі часу перасячэння мяжы – e-booking TRUCK”.
Сёлета ў другой палове году плануецца распачаць тэставую працу гэтай сістэмы – кажа кіраўнік Падляшскай мытнай службы Міраслаў Сенкевіч:
– Ад пэўнага часу Мытная служба працуе над тым, каб палегчыць кіроўцам працэс перасячэння мяжы, каб гэтае перасячэнне мяжы адбывалася ў канкрэтную гадзіну канкрэтнага дня (што загадзя плануецца ў сістэме электроннай чаргі). На гэты момант мы знаходзімся на фінішы, калі казаць пра падрыхтоўку адмысловых інфармацыйных сістэмаў. І ў другой палове гэтага году мы распачнём тэставае выкарыстанне гэтай сістэмы на адным з самых буйных грузавых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў Карошчыне (Кукурыкі-Казловічы), а таксама ў пункце пропуску Гжэхоткі на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расеі.
Калі сістэма электроннай чаргі апраўдае чаканні, то яе пачнуць выкарыстоўваць на ўсіх пунктах пропуску з польскага боку мяжы. Падляшскія мытнікі вывучылі досвед працы на эстонска-расейскай мяжы, дзе падобная сістэма ўжо працуе і атрымлівае станоўчыя водгукі.
Сёння як раз адзначаецца Міжнародны дзень мытніка. Гісторыя гэтага свята бярэ свой пачатак 26 студзеня 1953 году, калі ў Бруселі адбылася першая сесія Рады мытнага супрацоўніцтва.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота PAP/Mirosław Trembecki