Ці аспрэчыць IPN вынікі следства па справе пацыфікацыі беларускіх вёсак?



Ці польскі Інстытут нацыянальнай памяці аспрэчыць вынікі следства сваіх прокурораў у справе пацыфікацыі беларускіх вёсак на Падляшшы? У 2005 годзе Інстытут зрабіў выснову, што забойства ў 1946 годзе 82-х беларусаў атрадам Рамуальда Райса “Бурага” мела прыкметы генацыду.

Гісторык беластоцкага аддзялення Інстытута Пётр Лапінскі лічыць, што некаторыя тэзісы расследавання выклікаюць сумневы, а  іншыя факты пракуроры замаўчалі. У справе “Бурага”, паводле Лапінскага, ёсць факты, што гэта жыхары спаленых вёсак нібыта стралялі ў жаўнераў. Такім чынам, упершыню гісторык IPN адкрыта крытыкуе вынікі следства:

Аб’яднанне падзей у Заляшанах, Вольцы Выганоўскай, Занях, Шпаках і Канцавізне лічу няправільным. Так, гэта вынік спраў брыгады “Бурага”, але ў некаторых выпадках нават не было смяротных ахвяр. Гэта трактуецца як забойствы на рэлігійнай глебе.  Аднак, адзін з выканаўцаў пацыфікацыйных акцый – паручнік Уладзімір Юрасаў – быў праваслаўнага веравызнання. І з майго пункту гледжання, гэта паказвае, што насамрэч было не так, як сцвярджае частка  нашага грамадства ці так, як гэта прадстаўлена ў выніку следства Інстытута нацыянальнай памяці.

Таксама апошнім часам публічнае тэлебачанне ў рэгіянальным выданні беластоцкага “Аб’ектыва” і агульнапольскіх “Навінаў” паказвала  постаць “Бурага” ў пазітыўных акцэнтах. Нагадаем, што паводле загаду “Бурага” былі пацыфікаваныя беларускія вёскі: Заляшаны, Волька Выганоўска, Зані, Шпакі і Канцавізна. Загінулі 82 чалавекі, у тым ліку старыя, жанчыны і дзеці.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  SPP / Ośrodek Karta