Ці будзе запатрабаванай беларуская этнафілалогія ў Беластоку?
Чаму, каб стварыць гэты кірунак, трэба ажно 30 ахвотных? Гэта адно з пытанняў, якое закранулі ў час паседжання наконт вынікаў стратэгіі развіцця асветы беларускай меншасці ў Польшчы за год.
Паводле дырэктара белліцея ў Бельску-Падляшскім Андрэя Сцепанюка, 30 чалавек – гэта многа, тым больш, што цяпер назіраецца дэмаграфічны спад:
– Мы зараз перажываем дэмаграфічныя праблемы – проста не хапае моладзі. І гэта трэба ўсведамляць. Гэта адчуваецца ўжо і ў вышэйшых навучальных установах. Я вяду размову са сваімі выпускнікамі, каб яны зацікавіліся этнафілалогіяй. Даволі модна зараз, калі студэнты выбіраюць два кірункі свайго навучання. І я перакананы, што этнафілалогія, як другі кірунак, можа стаць чымсьці важным.
Барбара Пякарская: Кожны з нас ведае, што малады чалавек шукае такі факультэт, які дасць яму добрае навучанне, а ў перспектыве – добрую працу. Калі этнафілалогія будзе адпавядаць гэтым патрабаванням, і ў ёй яны ўбачаць сваю будучыню, то гэта было б выдатна. Але гэта пакажа час. Добра, што яна з’явілася, што ўніверсітэт вырашыў стварыць этнафілалогію. Я лічу, што гэта наша супольная перамога.
Паводле прарэктара па студэнцкіх справах Універсітэта ў Беластоку Ежы Галіцкага, калі не атрымаецца набраць 30 чалавек, каб стварыць кірунак, улады ўніверсітэта будуць гнуткія і пойдуць насустрач.
Надзённая праблема – гэта набор у дзіцячыя садкі. У Беластоку ў папярэднім наборы былі праблемы з інфармацыяй для бацькоў, кажа Барбара Пякарская з аб’яднання „АБ-БА”.
– У мінулым годзе былі прынятыя не ўсе ахвотныя. Прыняцце рашэння цягнулася вельмі доўга. І думаю, палова тых, хто хацеў аддаць дзяцей у садок, не зрабілі гэтага, бо да канца жніўня не было вядома – будзе група ці не. У гэтым годзе справа выглядае больш аптымістычна, бо будзе новая група. Але гэта таксама не вырашае праблемы, бо дзве групы , у якіх вучацца беларускія дзеткі, не ў садку з усімі разам, а ў школе, якая даволі далёка ад галоўнага будынку.
Стратэгія развіцця асветы беларускай меншасці ў Польшчы прынятая ў 2014 годзе. Дакумент не мае моцы закона, але акрэслівае напрамкі развіцця беларускай адукацыі ў Польшчы. Беларусы стварылі ўласную стратэгію чацвёртымі па ліку пасля літоўскай, нямецкай і ўкраінскай меншасцяў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота: filologia.uwb.edu.pl