Ці дапаможа Вярхоўная Рада Украіны замежным добраахвотнікам? (абноўлена)



Беларусы, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, могуць атрымаць шанец на легалізацыю сваёй прысутнасці на тэрыторыі Украіны.

Вярхоўная Рада прыняла пакет зменаў у законы, якія тычыцца вайсковай службы.

Цяпер замежнікам плануюць дазволіць служыць ва ўкраінскім войску паводле кантракту, а пасля трох гадоў такой службы з’яўляецца магчымасць атрымаць украінскае грамадзянства.

large_4ac78f9246

Сярод тых, хто ў першых шэрагах падтрымаў законапраект – дэпутат Ігар Гузь:

— Я заўсёды «За», бо летась мы з калегамі дапамагалі атраду «Пагоня», байцы якога і цяпер на Усходзе. Мы лічым, што ўкраінская дзяржава не зусім правільна ставіцца да іншаземцаў, якія падтрымліваюць барацьбу за незалежнасць Украіны.

Але, каб у выніку атрымаць украінскае грамадзянства, беларусам прыйдзецца ехаць на радзіму па шматлікія даведкі, дзе іх можа чакаць арышт і абвінавачанне ў “наёмніцтве”. Каментуе баец добраахвотнага ўкраінскага корпуса “Правы Сектар” Ян Мельнікаў, з пазыўным “Беларус”:

— Шмат хто з беларусаў быў упэўнены, што ім тут будуць нейкія гарантыі, што ім дадуць грамадзянства. Насамрэч атрымаць грамадзянства немагчыма. Таму я нават не маю намеру бегаць па нейкіх інстанцыях і на каленях прасіць грамадзянства, бо не бачу сэнсу.

Ігар Гузь на пытанне нашага радыё адносна гэтага выказвання адзначае, што законапраект пакуль яшчэ не дасканалы:

— Гэты праект недасканалы, але гэта ўжо плюс у тым плане, што замежнікі маюць нейкую магчымасць легалізавацца і атрымаць грамадзянства. Далей трэба будзе працаваць над ім. Цяпер ён не ідэальны. У Радзе многа камбатаў батальёнаў, у якіх былі і ёсць замежнікі, і мы будзем працаваць над далейшымі зменамі.

У кожным разе, законапраект, прыняты Вярхоўнай Радай Украіны павінен яшчэ трапіць на подпіс прэзідэнту Пятру Парашэнку. Паводле ўкраінскага дэпутата, на сёння ён можа закрануць некалькі сотняў чалавек – замежнікаў, якія ў тым ліку ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на ўсходзе Ўкраіны.

 Беларускае Радыё Рацыя