Ці дазволяць у Гайнаўцы Марш выклятых жаўнераў?



Радныя ПіС выйшлі з залы, астатнія выказаліся супраць Маршу выклятых жаўнераў у Гайнаўцы. Гэта было на надзвычайнай сесіі рады горада Гайнаўкі (07.02). Радныя выказаліся крытычна наконт планаванага 23 лютага шэсця ў гонар “выклятых жаўнераў”, сярод якіх Рамуальд Райс (Буры), атрад якога зімой 1946 года пацыфікаваў беларускія вёскі  на Гайнаўшчыне і Бельшчыне.

Мечыслаў Гмітэр – гайнаўскі радны Права і справядлівасці – адмовіўся даваць каментар і  адаслаў да тэксту заявы радных ПіС. Радэк Дамброўскі сабраў каментары і прачытаў узгаданы тэкст:

– Па меркаванні радных ПіС, бургамістр Гайнаўкі мусіць сваю дзейнасць накіроўваць на сцішэнне эмоцый і талерантнасць. У заяве адзначаецца, што людзі хочуць жыць у Гайнаўцы разам, а не паасобку, і „гэта не чацвёрты Марш выклятых жаўнераў з’яўляецца пагрозай для Гайнаўкі, а розныя псеўдадэмакратычныя арганізацыі, якія ў выніку медыйнага спектаклю прыязджаюць у наш горад”.

Яўген Яньчук, жыхар гайнаўкі:

– Радныя ПіС сказалі, што забарона – гэта падзел гайнаўскага грамадства. Гэта не праўда. Памяць пра тыя цяжкія дні зноў пачынае дзяліць грамадства.

Радны Ян Хомчук:

– І нельга з гэтым мірыцца.  І не трэба думаць, што марш пройдзе, і ўсе забудуць. Не, мы таксама мусім голасна сказаць, што мы з гэтым становішчам не згодныя.

Ігар Лукашук, ваяводскі радны:

– Сітуацыя паўтараецца з году ў год. Пакуль будуць ініцыятывы арганізацыі такіх жа маршаў пад такімі лозунгамі, рэакцыя мясцовага асяроддзя будзе аднолькавая.

Марш выклятых жаўнераў у Гайнаўцы запланаваны на 23 лютага. Бургамістр Ежы Сірак паінфармаваў на завяршэнні паседжання рады, што рашэнне пра тое ці даць дазвол на  правядзенне шэсця прыме на наступным тыдні. Нагадаем, што ў мінулым годзе суд адхіліў забарону бургамістра Гайнаўкі на правядзенне шэсця і яно адбылося.

Беларускае Радыё Рацыя