Ці «качаць правы» беларусам за мяжой?



У папулярным пабліку беларусаў у Варшаве сустрэў гісторыю, дзе чалавек распавядае, што яго развярнулі на пашпартным кантролі ў аэрапорце з польскім дакументам падарожжа. Што памежнік не зразумеў што гэта дакумент такі.

Мяне, як і дзясяткі, калі не сотні, тысяч, беларусаў наперадзе чакае заканчэнне беларускага пашпарта. Пры гэтым мы не можам сабе ўявіць як доўга на Радзіме будзе панаваць банда адмарозкаў. Так, я прапаную рэчы называць сваімі імёнамі, бо калі кажаш дыпламатычна «дыктатура», слова ўспрымаецца як штосьці нуднае са школьнага падручніка па гісторыі.

Скончыўся пашпарт – атрымай дакумент падарожжа. Вядома, не ўсе краіны ў свеце прызнаюць падобныя дакументы. Але ў большасці вольнага свету – так.

У апісанай вышэй сітуацыі праблема ў тым, што польскі чалавек у пагонах не ведаў пра існаванне такога вось «пашпарту для іншаземцаў», як яго часам называюць у размовах. Не ведаў, і проста развярнуў чалавека, парушыў ягоныя планы.

І вось беларус распавядае суайчыннікам, маўляў, майце на ўвазе, такое можа быць.

У яго пытаюцца – што ж ты свае правы не адстойваў. А той такі – а як?

Я пішу, скаргу трэба было для пачатку на адрас памежнай службы ў аэрапорце. А той пытаецца – а толку?

А толк такі, што якія б ні былі праблемы ў Польшчы з арганізацыяй дзяржаўных службаў, гэта дэмакратычная краіна, а значыць скаргу разгледзяць. І больш падобнага не паўторыцца, прынамсі, у аэрапорце, ні з пацярпелым, ні з іншымі беларусамі.

«Што вы ўсё крытыкуеце, будзьце ўдзячныя, што вас прынялі!» – не часта, але раз-пораз чуў я ад беларусаў, і не толькі ў Польшчы.

Не, сябры, дэмакратыя – яна для ўсіх. Няма нічога саромнага ў тым, што вы, не будучы грамадзянінам краіны прыбывання, «качаеце правы».

Новыя, пасля 2020 году, беларускія эмігранты за мяжой дзеляцца на дзве прынцыпова розныя групы. Першыя рэлакаваліся, спакойна сабраўшы рэчы, і з’ехалі ад граху падалей. Каб не трапіць у спісы затрыманых.

Іншыя выбіраліся хто як мог, фактычна спачатку будучы ў працэсе ўцякацтва, а пасля ў статусе бежанства. Калі вы выбіраліся, рызыкуючы загразнуць у балоце, патануць у рацэ ці проста быць затрыманымі, і адразу стартануць на доўгі тэрмін за кратамі, то дыскусія з непрафесійным польскім памежнікам для вас будзе псіхалагічна не такой складанай.

Шануем краіны, якія прынялі беларускіх рэлакантаў і бежанцаў, але найперш шануем сябе.

Трэцяя Сусветная вайна набірае абароты, і мы не ведаем што будзе далей. Але беларусам варта трымацца разам у любой сітуацыі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя