Ці павялічаць фінансаванне транспамежных праграмаў?



Маршалкі ўсходніх ваяводстваў Польшчы звяртаюцца з просьбай пра павелічэнне фінансавання транспамежных праграмаў Еўразвяза. Мова ідзе, сярод іншага, пра праграму „Польшча-Беларусь-Украіна”. У Беластоку пра гэта размаўлялі маршалкі Падляшскага, Свентакшыскага, Люблінскага і Варміньска-Мазурскага ваяводстваў.

Паводле падляшскага маршалка Ежы Лешчынскага, сродкі па праграме „Польшча-Беларусь-Украіна” атрымалі многія польскія самаўрады і беларуская мясцовая ўлада:

– Яны выконваюць вельмі важную ролю – інтэгруюць нашы дзеянні паміж найбліжэйшымі суседзямі. Беларусь, Украіна – была вялікая зацікаўленасць, было шмат вельмі добрых праектаў пададзена. На жаль толькі 1/5 праектаў была прафінансавана з-за недахопу сродкаў.

На праграму „Польшча-Беларусь-Украіна” ў 2014-2020 гадах выдзелены 182 мільёны еўра. У першым наборы абраныя 65 транспамежных праектаў на суму 112 мільёнаў еўра.

Бліжэйшы прыём заявак на праграму пачнецца 1 жніўня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя