Ці перастануць людзі ўцякаць з рэгіёнаў?



30 новых кватэр можа ўзнікнуць у Гайнаўцы ў межах урадавай праграмы „Mieszkanie Plus”.

У Беластоку прадстаўнікі Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва ды бурмістр Гайнаўкі  падпісалі дамову пра супрацу. Праграма „Mieszkanie Plus” прадугледжвае пабудову ў Польшчы тысяч жылых кватэр для сем’яў, якія не магуць сабе даволіць іх купіць.

Паводле бурмістра Гайнаўкі Юры Сірака, новыя кватэры дадуць магчымасць затрымаць міграцыю маладых людзей з горада:

– Тэндэнцыя абязлюджвання перэферыйных абшараў не з’яўляецца тэндэнцыяй толькі Падляшша ці Польшчы, гэта трэнды і тэндэнцыі сусветныя. Калі мы хочам яе змяніць, то новыя кватэры даюць такія шанцы.  

Раней міністэрства інфраструктуры і будаўніцутва падпісала дамовы пра супрацу з уладамі Ломжы, Кельц і Зялёнай Гуры.

Аднак падпісанне дамовы пра супрацу з Гайнаўкай не гарантуе, што ў горадзе новыя кватэры будуць пабудаваныя. Цяпер усё залежыць ад перамоваў паміж міністэрствам і ўдаламі Гайнаўкі, якія пачнуцца на пачатку 2018 года.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя