Ці польскі Інстытут нацыянальнай памяці аспрэчыць вынікі следства сваіх пракурораў?



Ці польскі Інстытут нацыянальнай памяці аспрэчыць вынікі следства сваіх пракурораў у справе пацыфікацыі беларускіх вёсак атрадам Рамуальда Райса “Бурага”?

На мінулым тыдні ў гутарцы з нашым радыё гісторык беластоцкага аддзялення Інстытута Пётр Лапінскі сказаў што некаторыя тэзісы следства выклікаюць сумневы, а іншыя факты пракуроры абышлі маўчаннем.

Ці з’явіліся новыя дакументы або сведкі? Ці існуе магчымасць паўторнага разгляду справы?

Як да закідаў некаторых гісторыкаў ставіцца пракурор, які разглядаў справу пацыфікацыі вёсак?

Дар’юш Альшэўскі,  фота: Wojciech Wojtkielewicz

На гэтыя пытанні Лукашу Леанюку адказвае пракурор беластоцкага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці Дар’юш Альшэўскі:

— Пракурор ацэньвае пэўны фрагмент рэчаіснасці ў святле заканадаўства. Ён павінен ацаніць: ці дадзеная падзея мае прыкметы злачынства. Гісторыкі часам даследуюць справу шырэй, даследуюць падзеі мінулага, а пракурор ІНП вядома, звяртаецца да падзеяў мінулага, да прычын і матываў, але ён павінен даследаваць дадзены ўчынак з гледзішча права і гэта — ягоная асноўная мэта. У выпадку Рамуальда Райса «Бурага» колькасць доказаў была дастатковай для таго, каб прызнаць, што віноўнік і асобы з атрада, якія суправаджалі яго, дзейнічалі з мэтай знішчэння насельніцтва беларускага паходжання праваслаўнага веравызнання.

РР: ЦІ існуе магчымасць паўторна правесці гэтае следства, дадаць нейкія факты?

— Пастанова па справе пацыфікацыі беларускіх вёсак мае законную сілу, і, як кожная ўступіўшая ў законную сілу пастанова аб завяршэнні следства, ў выпадку з’яўлення новых фактаў, новых доказаў можа быць узнятая з мэтай працягу следства. Я не хаваю, што пасля завяршэння следства паступалі звесткі, якія ставілі пад сумнеў абгрунтаванасць рашэння аб завяршэнні следства. Але гэта былі звесткі, якія ўсё ж разглядаліся ў працэсе следства.  Гэта былі звесткі кшталту «кепскага стаўлення насельніцтва праваслаўнага веравызнання да незалежніцкіх арганізацый», узносіліся нават такія аспекты, што «жыхары некаторых вёсак забівалі польскіх жаўнераў» ці «абстрэльвалі канспірацыйныя атрады». На падставе следчых дзеянняў не было знойдзена дастатковых доказаў, якія пацвярджалі б такія абставіны, што нейкім чынам маглі б апраўдаць пацыфікацыйныя акцыі атраду Рамуальда Райса.

РР: Ці вы як пракурор ведаеце пра нейкія новыя дакументы або выказванні людзей? Або можа гісторыкі ІНП нешта паведамлялі вам?

— Дагэтуль, ня лічачы агульных фармулёвак, якія зводзяцца да таго, што ацэньваючы доказную базу, я не прыняў пад увагу доказаў асоб з кола незалежніцкіх  арганізацый, не з’явілася ніякіх канкрэтных звестак, што я кагосьці не дапытаў, і што гэтая асоба мае нейкія канкрэтныя звесткі. Я вельмі нават хацеў бы, каб такія звесткі да мяне трапілі, і хацеў бы дапытаць тых лбдзей і без сумневу, усе звесткі, атрыманыя ад такіх асоб, былі б належна ацэненыя. Я не хаваю, што калі гэта будуць настолькі істотныя звесткі, якія выявяць, што рашэнне аб спыненні следства было няслушным, я прыму адпаведныя меры, уключна з аднаўленнем следства. Тым не менш, на сённяшні дзень няма такіх абставін.

РР: Ці ведаеце вы такі дакумент як загад кіраўніцтва да «Бурага» аб пацыфікацыі беларускіх вёсак на тэрыторыі Бельскага павета?

— Я азнаёміўся з гэтым дакументам і ён ацэньваўся з гледзішча садзейнічання пацыфікацыі беларускіх вёсак. Сапраўды, ён мог уплываць, быць штуршком, але трэба памятаць, што гэта быў загад, напісаны ў верасні, а пацыфікацыі мелі месца праз некалькі месяцаў. Апроч таго, нам невядома, што маецца на ўвазе пад тэрмінам «пацыфікацыя». Ці мелася на ўвазе ліквідацыя вызначаных асоб, і гэта, прынамсі, вынікае з матэрыялаў следства, ці паказванне сілы Нацыянальнага вайсковага злучэння на тых тэрыторыях з мэтай падбудаваць канспірацыйныя дзеянні, а не правядзенне такіх дзеянняў, якія прывялі да масавага забойства асоб праваслаўнага паходжання.

РР: Ці такім чынам тая акцыя, што мела месца ў пачатку 1946 года была самавольствам з боку «Бурага»?

— Рамуальд Райс прыняў самастойнае рашэнне. Але таго, у якой ступені загад з верасня мог падштурхнуць яго да такіх дзеянняў, я сказаць не магу. Тым не менш такія абставіны як пачатковыя судовыя паказанні Рамуальда Райса «Бурага» пра тое, што ён дзейнічаў па загадзе арганізацыі, ад якіх ён потым адмовіўся, сведчаць, што насамрэч гэта не было дзеяннем на падставе загадаў камандавання Нацыянальнага вайсковага злучэння.

РР: Ужо двойчы асяроддзі сем’яў ахвяр  «Бурага» і таксама беларускае асяроддзе спрабавлі давесці да таго, каб польская дзяржава выплаціла кампенсацыі гэтым людзям. Ці паводле вас ісуне нейкая магчымасць, каб выплаціць такія кампенсацыі

— У цяперашняй прававой сітуацыі я, на жаль, не бачу магчымасці для сваякоў ахвяр дамагацца ад дзяржавы кампенсацыі. Працэс прызнання кампенсацыі за паваенныя дзеянні адбываецца на падставе закона «Аб прызнанні несапраўднымі пастаноў датычных асоб, рэпрэсаваных за дзейнасць на карысць незалежнасці Польшчы». Гэты закон не датычыць такіх выпадкаў як пацыфікацыя вёсак ці забойства  фурманаў.

Па загадзе Рамуальда Райса «Бурага» напачатку 1946 года былі пацыфікаваныя беларускія вёскі Заляшаны, Волька Выганоўска, Зані, Шпакі і Канцавізна. Атрад “Бурага” таксама расстраляў 31 фурмана з ваколіц Гайнаўкі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток