Ці спраўдзіліся чаканні ўкраінцаў?



Мінула больш чым паўтары гады, як ва Украіне перамагла Рэвалюцыя Годнасці. Пра леташнія падзеі на Майдане ўжо здымаюць фільмы, складаюць песні і пішуць кнігі. Загіблым патрыётам пастаўленыя помнікі, іх імёнамі называюць вуліцы і школы.

Але ці адбыліся ва Украіне змены, якіх тыя патрыёты дамагаліся? Ці спраўдзіліся чаканні ўкраінцаў? Што змянілася ў лепшы бок, а што – у горшы?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігава.

Андрэй, студэнт: На мой погляд, ахвяры на Майдане былі дарэмнымі. Нічога не зроблена: не пакараныя злодзеі, якія расстэльвалі на Майдане людзей, не было зроблена тое, што нам усім абяцалі. Ніякай барацьбы з карупцыяй насамрэч няма. Іншым разам па тэлевізары паказваюць, як у нейкай вёсцы злавілі ўчастковага міліцыянта за хабар у 2000 грыўняў… То хіба гэта барацьба з карупцыяй? Яе трэба пачынаць ад самага верху. Садзіць Генеральнага пракурора, міністраў, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, усіх астатніх. Пакуль гэтага не адбудзецца – нічога не палепшыцца ва Украіне!

Кацярына, прадавачка: Як гэта няма зменаў? Яны ёсць! У нечым тыя змены лепш, у нечым – горш. Лепшае тое, што народ стаў куды больш аб’яднаным, чым раней. Гэткі нязломны народны дух… Я сама брала ўдзел у падзеях на кіеўскім Майдане, і да тых падзеяў не адчувала сябе часткай вялікай справы.

Мяркуе Юніс Аскераў, грамадскі актывіст: Змены ёсць, але яны вельмі маленькія. Мы спрабуем рабіць нейкія змены далей, але расейская агрэсія вельмі шкодзіць. Калі мы распачнем больш актыўныя змены, расейцы могуць перайсці ў наступ па ўсёй расейска-украінскай мяжы. А гэта будзе вялікая вайна, якую ні Украіна, ні Расея, ні Еўропа не выцягнуць. Гэта будзе проста глабальная катастрофа. 

Руслан, будаўнік: Пасля падзеяў на Майдане людзі неяк пацягнуліся адзін да аднаго, і сталі больш аб’яднанымі. Я не кажу пра нашыя ўлады, я пра звычайных людзей. Людзі цяпер куды больш давяраюць адзін аднаму…

Вольга, маладая маці: Можа, змены да лепшага і ёсць. Але я гэтага не бачу. Маё жыццё не змянілася ніяк.

Галіна Фёдараўна, настаўніца ўкраінскай мовы і літаратуры: Жыццё не палепшылася. Ідзе вайна, і штодня на яе выдаткоўваецца колькі дзясяткаў міліёнаў. А змены, безумоўна, ёсць. Людзі сталі больш згуртаваны, чым да падзей на Майдане. І, ў параўнанні з цяперашняй уладай, ён куды лепш разумее, што трэба рабіць.

Пятро Антоненка, журналіст: Нічога асабліва не змянілася пасля Майдана ні ў лепшы, ні ў горшы бок. Як яно было, так і ёсць. А была і застаецца ўжо больш за 20 гадоў даволі дзіўная сітуацыя: Украіна знаходзіцца ўвельмі павольным пераходным перыядзе ад калоніі да незалежнай дзяржавы, ад таталітарнай і да дэмакратычнай…

Сярод іншых прычын незадаволенасці ўкраінцаў цяперашнім станам рэчаў – значнае пагаршэнне жыццёвага ўзроўню, рост цэнаў, карупцыя, а таксама сістэмнае невыкананне перадвыбарчых абяцанак Пятром Парашэнкам і яго паплечнікамі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота flytravel.by