Ці ўсе польскія вучні будуць дапушчаны да экзаменаў?
Ці ўсе вучні апошніх класаў сярэдніх школ змогуць прыступіць да экзамену на атэстат сталасці – пакуль не вядома. Зацверджанне канчатковых адзнак вучняў могуць зрабіць толькі педагагічныя рады, гэта значыць настаўнікі адпаведнай школы. З прычыны страйку настаўнікаў у некаторых школах такія рады проста не адбудуцца. Такая сітуацыя ў першым ліцэі ў Беластоку, дзе настаўнікі адмаўляюцца прымаць удзел у педагагічных радах, пакуль не будуць выкананы патрабаванні страйкуючых настаўнікаў. Прэс-сакратарка Падляшскага кураторыума асветы Малгожата Паляніс спадзяецца, што настаўнікі ўсё ж “скласіфікуюць” вучняў.
– На пытанне, ці былі запланаваны класіфікацыйныя рады, дырэктары ўсіх школ адказалі нам, што такія рады запланаваны, нават яшчэ ў гэтым тыдні, але большасць – пасля святаў. Спадарыня куратар таксама неаднаразова звярталася да настаўнікаў, каб класіфікацыйныя рады адбыліся, бо яны даюць пазней магчымасць вучням прыступіць да экзаменаў на атэстат сталасці. Мы верым, што такім будзе фінал.
Канчатковы тэрмін зацверджання ацэнак выпускнікоў апошніх класаў сярэдніх школ прызначаны на 26 красавіка. Страйк настаўнікаў падтрымала гарадская рада Беластока. Паводле дадзеных Звяза польскіх настаўнікаў, у Беластоку пратэстуе каля 70 адсоткаў школаў і дзіцячых садкоў, гэта каля 2 тысяч настаўнікаў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток