Ці ўсім дзеткам хопіць месцаў у польска-беларускім садку? (абноўлена)



13 дзетак сёлета не трапілі ў беларускую групу ў дзіцячым садку №14 у Беластоку. Гэта адзіная ў горадзе падобная ўстанова з вывучэннем польскай і беларускай моваў.  Знайшлося толькі 11 месцаў, бацькі астатніх дзетак сумесна з дырэкцыяй ды ўладамі спрабуюць знайсці выйсце з сітуацыі. У час бацькоўскага сходу дырэктарка Люцыя Неміровіч расказала, што была на размове ў Дэпартаменце адукацыі гораду па гэтым пытанні:

– Няхай бацькі не хвалююцца, усе дзеткі будуць прынятыя. Мы проста гаварылі пра ўмовы, дзе гэтыя дзеткі размесцяцца. На жаль, у нашым прадшколлі мы не можам нічога зрабіць, бо мы не маем памяшкання, каб зрабіць яшчэ адну групу.

Адзін з бацькоў: 

– Для мяне важна, каб маё дзіця вывучала беларускую мову, бо дома мы не можам яму даць патрэбныя веды. Таму ёсць вялікая патрэба ў адукацыі на беларускай мове. Для мяне ўвогуле дзіўна, што так мала прадбачылі месцаў для беларускіх дзетак. 

У час сустрэчы дырэктарка дзіцячага садка паведаміла, што хутчэй за ўсё беларуская група паўстане ў пачатковай школе, і не выключана, што ўжо на гэтым тыдні стане вядома, у якой менавіта. Пры гэтым школа павінна выканаць шэраг умоваў, у тым ліку забяспечыць асобны уваход для наймалодшых дзяцей.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

26 бацькоў хацелі сёлета аддаць сваіх дзяцей у польска-беларускі садок №14 у Беластоку. Гэта адзіны падобны садок на Падляшшы. Аднак вольных месцаў для ўсіх не знайшлося. Кажа старшыня Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, Кацярына Паўлоўская:

 Праблема палягае на тым, што ў гэтым годзе падчас набору было шмат жадаючых аддаць сваіх дзяцей у беларускую групу. Паводле бацькоў, напачатку набору было толькі 11 месцаў у групу з беларускай мовай навучання. І гэта вялікая праблема. Асабліва калі гаворым, што садок – гэта першы этап вывучэння беларускай мовы.

Паводле новых законаў, калі бацькі дэкларуюць, што дзіця хоча вывучаць мову меншасці, напрыклад, беларускую, то ўлады абавязаны ім гэта забяспечыць. Гэта адзначыла прадстаўніца Міністэрства нацыянальнай адукацыі ў Польшчы ў час нядаўняй сустрэчы ў Беластоку. На сустрэчы якраз падводзіліся вынікі года існавання «Стратэгіі развіцця асветы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы». 4 траўня ў польска-беларускім дзіцячым садку №14 у Беластоку ў 16 гадзін пройдзе сустрэча з бацькамі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота  ps14.bialystok.pl