Ці вернуць чыгуначную лінію Беласток – Валілы?



Ці вернуць зачыненую ў нулявых гадах чыгуначную лінію з Беластока да станцыі Валілы? Як кажа войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша, існуюць планы вяртання некалі папулярнага сярод жыхароў гміны цягніка. Дзеля гэтага патрэбнае пагадненне паміж гмінамі Гарадок, Міхалова, Заблудаў і Беласток, праз якія праходзіць траса. Цяпер гэтае пытанне разглядаюць у Маршалкоўскай управе Падляшскага ваяводства, якая збольшага і фінансавала б цягнік. Паводле гарадоцкага войта, не выключана, што з чэрвеня ў выхадныя дні будуць ездзіць дзве пары цягнікоў:

– У суботу і нядзелю раніцаю цягнік прыязджаў бы ў Валілы. А пасля абеду – другі, які забіраў бы тых людзей, якія прыехалі раніцай.

Як кажа войт Веслаў Кулеша, зацікаўленне цягніком ў Валілы ёсць. Штогод у студзені ў межах дабрачыннай кампаніі “Вялікі аркестр святочнай дапамогі”, у Валілы адмысловым цягніком прыязджае каля 500 чалавек. Каб на трасе Беласток – станцыя Валілы хадзілі дзве пары цягнікоў, патрэбна паўтара мільёна злотых.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота youtube.com