Ці вуліца Лупашкі зменіць сваю назву?
“Пытанне перайменавання вуліцы Лупашкі ў Беластоку паставім на галасаванне, калі будзе ўпэўненасць, што ўсе радныя грамадзянскай кааліцыі адобраць гэтую прапанову”, – кажуць радныя ад форуму меншасці Падляшша.
Трое радных ад форуму – Ксэня Яўхімовіч, Стэфан Нікіцюк і Томаш Каліноўскі – прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у Патоцы па ўшанаванні памяці ахвяр дзеянняў польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі».
– У час кампаніі мы сказалі, што зменім гэтую вуліцу, і датрымаемся свайго слова. Напэўна, калі праз год сустрэнемся тут, то гэтай вуліцы ўжо не будзе.
– Гэта яшчэ і пытанне працэдуральнае, а не толькі наша ініцыятыва ці ініцыятыва грамадзян.
– Я ведаю, што ўсе людзі, якія ведаюць пра гэтую праблему, хочуць, каб гэтае пытанне вырашылася як найхутчэй. Ёсць добрая воля ўсёй меншасці Падляшша, але нашага клуба, грамадзянскай кааліцыі, – няма.
У красавіку мінулага года адной з вуліц у Беластоку была прысвоена назва ў гонар “Лупашкі”. У гэтым годзе да ўправы горада накіраваныя некалькі заяваў пра перайменаванне вуліцы і пра захаванне назвы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток