Ці выбяруць беластачане новага прэзідэнта?



Бясплатны гарадскі транспарт абяцае кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беластока Катажына Штоп-Руткоўская. Дарэчы, яе бацька паходзіць з Гарадзеншчыны.

У Польшчы 21 кастрычніка пройдуць мясцовыя выбары. Між іншым, грамадзяне краіны будуць выбіраць прэзідэнтаў гарадоў, войтаў, бурмістраў і мясцовых дэпутатаў (радных).

        Фота: Dorota Sokołowska

У сталіцы Падляшша, Беластоку, на пасаду прэзідэнта прэтэндуюць шэсць кандыдатаў.

Найперш гэта цяперашні кіраўнік горада, Тадэвуш Трускаляскі ад “Грамадзянскай кааліцыі”, які на гэтым месцы ўжо 12 гадоў. Яго апаненты: Тадэвуш Арлуковіч з партыі Kukiz 15, незалежны беластоцкі радны Войцех Каранкевіч, які на папярэдніх выбарах меў падтрымку партыі SLD (Саюз дэмакратычных левых сілаў), Яцэк Жалек ад кіроўнай партыі “Права і справядлівасць”, лідарка грамадскага руху “Ініцыятыва для Беластока” Катажына Штоп-Руткоўская і бізнесовец, актывіст партыі “Вольнасць” Марцін Савіцкі, якога падтрымлівае камітэт “Кахаю Беласток”.

Мы ж найперш запрасілі ў нашую студыю адзіную жанчыну-кандыдатку – Катажыну Штоп-Руткоўскую, доктара сацыялогіі з Беластоцкага ўніверсітэта.

У яе планах, у выпадку перамогі на мясцовых выбарах, між іншым, адкрыць кругласутачную лінію для беластачан, каб яны наўпрост камунікавалі з уладамі, а таксама зрабіць гарадскі грамадскі транспарт цалкам бясплатным:

Мы хочам спалучыць гэта з так званай “Картай беластачаніна”. Акрамя таго, жыхары Беластока і так плацяць падаткі, якія, між іншым, ідуць на грамадскі транспарт. Гэта добрае вырашэнне пытання, і, паводле часопіса Polityka, на сённяшні дзень бясплатны грамадскі транспарт уводзіцца або ўжо дзейнічае ў 60 гарадах Польшчы. Мы ў Еўропе знаходзімся сярод тых краін, якія найчасцей уводзяць бясплатную гарадскую камунікацыю. А найлепшым прыкладам для нас ёсць прыклад Эстоніі і Таліна, дзе гэта ўжо добра функцыянуе і даводзіць, што гэта аплачваецца.

Дарэчы, бацька Катажыны Штоп-Руткоўскай, рэпатрыянт, паходзіць з Гарадзеншчыны, з вёскі Студзенікі каля Свіслачы. Сама кандыдатка нарадзілася ў Лодзі. У свой час у Гародні дапамагала ствараць кафедру сацыялогіі.

Кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беластока адзначае, што варта шырока выкарыстоўваюць памежнае размяшчэнне горада, але тут узнікаюць пэўныя праблемы, вырашэнне якіх не заўсёды залежыць ад мясцовых уладаў:

Я ў свой час для Міністэрства замежных спраў ажыццяўляла даследаванне, вельмі цікавае, якое датычыла трансгранічнага супрацоўніцтва. З яго вынікала, што супраца ў сферы культуры ёсць вельмі актыўнай, шырокай і выдатна развіваецца. Найбольш праблем ёсць у супрацы, звязанай з эканомікай і з гаспадаркай, аднак тут вельмі шмат залежыць не ад лакальных дзеянняў, але ад таго, што адбываецца на дзяржаўным узроўні.

У Польшчы прынятыя змены ў выбарчае заканадаўства, паводле якіх займаць пасады ў структуры органаў мясцовага самакіравання можна будзе не больш за два тэрміны запар. Да гэтага часу такога абмежавання не было.

Пакуль што ў Беластоку, паводле сацыялагічных даследаванняў, у гонцы на пасаду прэзідэнта лідзіруе цяперашні кіраўнік горада Тадэвуш Трускаляскі. Так, у сакавіцкім апытанні, якое праводзіла pracownia ABR Sesta, за Трускаляскага ў першым туры аддалі б галасы 56 працэнтаў беластачан.

Цалкам гутарка з госцем Рацыі – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток