Ці ёсць сэнс у менскіх перамовах?
Пасля таго, як чарговы раўнд перамоваў у Менску скончыўся мінулым тыднем безвынікова, сітуацыя на Усходзе Украіны крытычна абвастрылася. Кіраўніцтва самаагалошаных ДНР і ЛНР звярнуліся да краін “нарманскай чацвёркі” з патрабаваннем “паўплываць на Кіеў”. У гэты самы час Камітэт Вярхоўнай Рады па міжнародных справах звярнуўся да міжнародных арганізацый з просьбай нагадаць Крамлю пра папярэднія менскія пагадненні, падпісаныя кіраўнікамі ДНР і ЛНР.
А ці ёсць увогуле нейкі сэнс у менскіх перамовах?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война звярнуўся з такім пытаннем да мінакоў на Хрэшчаціку.
РР: Ці варта весці перамовы з самаагалошанымі ДНР і ЛНР? Ці ёсць у гэтым нейкі сэнс?
Галіна Сцяпанаўна, прадавачка кветак у падземным пераходзе: Я лічу, што няма ніякага сэнсу ў тых перамовах. Ну, хто яны такія – ДНР і ЛНР? Хто іх абіраў? Іх трэба проста знішчыць!
Алена Мікалаеўна, менеджарка па продажах: З бандытамі дамаўляцца не варта. Яны па-за законам. У ДНР і ЛНР няма ані заканадаўчых дакументаў, ані законнай улады. Яны проста забойцы. Да таго ж, там прысутная рэгулярная расейская армія. З кім там дамаўляцца?
Яўгенія Віктараўна, пенсіянерка: На маю думку, перамовы весці трэба. Трэба вырашыць пытанне з абменам палоннымі і дамовіцца, каб нарэшце скончылася гэтая вайна. Досыць забіваць, трэба дамаўляцца.
Інжынер кіеўскага метрапалітэна Валерый Мікалаевіч: Вядома ж, не! Мы ўсе супраць гэтага. У іх няма ніякай улады. Яны непрызнаныя. Пра што з такімі дамаўляцца? Трэба проста растрашчыць іх з бамбавозаў, вось і ўсё!
Віталіна, афіцыянтка: На маю думку, сэнс у перамовах ёсць. Інакш будзе бязладдзе. Калі з імі дамовіцца, можа, будуць дасягнутыя нейкія правілы. Я не кажу, што яны будуць прытрымлівацца ўсіх пагадненняў, такога не будзе, на вялікі жаль.
Святлана Рыгораўна, тынкоўшчыца: Хіба з бандытамі можна пра нешта дамовіцца? Яны ж там усе бандыты, і бандыт бандытам паганяе! А хіба з бандытам можна дамовіцца? Не, яны нешта паабяцаюць, але будуць рабіць, як ім хочацца. Колькі ўжо ў Менску дамаўляліся? Але ж там наёмнікі! Давялі краіну да такога, што яны за хлеб і за грэчку прададуць родную маці. І невядома, калі гэта ўсё скончыцца.
Унесці нейкую яснасць са статусам ДНР і ЛНР маглі б мясцовыя выбары. Але Пётр Парашэнка неаднаразова заяўляў, што ніякіх выбараў на тэрыторыі, непадкантрольнай Украіне, не будзе.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя
Фота аўтара