Ці змогуць украінцы спыніць авіякантрабанду беларускіх цыгарэт?



Ва ўкраінска-беларуска-польскім сумежжы па-ранейшаму квітнее кантрабанда тытунём. Кантрабандысты выкарыстоўваюць усе спосабы нелегальнага пераходу мяжы, у тым ліку і авіяцыю.

Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Алгарытм кантрабанды цыгарэт беларускай вытворчасці наладжаны даўно і працуе, як гадзіннік. Спярша цыгарэты перапраўляюцца праз шматлікія “вокны” на беларуска-украінскай мяжы. Але ж падобных “вокнаў” на мяжы Украіны і Польшы няма. І тут на дапамогу кантрабандыстам прыходзяць мясцовыя авіятары. Цыгарэты загружаюцца ў самалёты Ан-2, больш вядомыя, як “кукурузнікі”, пасля чаго яны на малой вышыні, па-за бачнасцю радараў, пералятаюць у Польшчу.

Паветраныя кантрабандысты ствараюць вялікую небяспеку і для ўкраінцаў, і для палякаў. Летась на Валыні ўжо разбіўся самалёт з кантрабанднымі цыгарэтамі. Яшчэ адзін самалёт 6 лютага зрабіў змушаную пасадку ў памежным Манэвіцкім раёне Валынскай вобласці. Гэтыя інцэдэнты прымусілі дэпутатаў Валынскай абласной рады запатрабаваць тлумачэння ад кіраўнікоў праваахоўных органаў.

Кантрабанда беларускіх цыгарэт – ці не самы рэнтабельны бізнес у беларуска-ўкраінска-польскім сумежжы. Гэты бізнес квітнее ў тым ліку і дзякуючы карупцыі, у тым ліку і ў праваахоўных органах.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя