Ці зможа веер-вахляж стаць брэндам Беластока?
У Беластоку ў межах штогадовага фестывалю «Сады барока» прайшоў майстар-клас па вырабе барочных веераў па модзе 18-га стагоддзя.
Пра будучыню веера ў гарадской прасторы Падляшскай сталіцы разважае супрацоўніца Цэнтра культуры «Śródmieście», вядучая сустрэчы Агнешка Дэмбоўска:
-Гэта штосьці, што вызначае вельмі моцна жаноцкасць. У той час не шмат рэчаў нас, як жанчын, так моцна акрэслівала. Веер – гэта рэч, пра якую даўно забыліся. Жанчына, якая брала веер у рукі, абмахвалася ім, была адметнай. Трэба пачаць яго па-новаму рэкламаваць, арганізаваць які-небудзь хэпэнінг – жанчыны ходзяць з веерамі ў руках.
20 ўдзельніц майстар-класа змаглі вырабіць барочныя вееры па лякалах 18-га стагоддзя для ўласнага ўжытку з карункаў і другасных мастацкіх матэрыялаў. Па шматлікіх просьбах майстар-клас будзе паўтораны на наступным фестывалі «Сады барока» у наступным годзе.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя