Ці змянілася да беларусаў стаўленне за мяжой?
Беларусы, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз палітычны пераслед, з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны апынуліся ў складаным становішчы.
З аднаго боку, яны не могуць вярнуцца на радзіму. З іншага боку, іх пачалі часам асацыяваць з краінай-суагрэсарам, якая прадставіла тэрыторыю ў якасці плацдарму для нападу на Украіну. Беларуска Дана, якая жыве ў Тбілісі, прыводзіць прыклад дыскрымінацыі.
– Калі я размаўляла з арэндадаўцамі, то першае пытанне было: „Адкуль вы?”. Я шчыра кажу, што я з Беларусі. Адразу ўзнікаюць нейкія негатыўныя моманты, яны могуць проста павесіць слухаўку. Наколькі я даведалася, гэта з-за таго, што грузіны проста баяцца, што беларусы атрымаюць статус бежанцаў і потым нельга будзе іх выселіць з кватэры.
Аднак па меры ўключэння беларускіх дыяспар ва ўсім свеце ў дапамогу Украіне стаўленне да беларускіх палітэмігрантаў паступова паляпшаецца. Рэчыцкі журналіст-палітэмігрант Андрэй Мядзведзеў распавядае пра ролю беларускага батальёна імя Каліноўскага:
– Стала з’яўляцца інфармацыя, што беларусы ствараюць свой нацыянальны батальён у складзе Узброеных сіл Украіны. Гэты батальён з’явіўся, атрымаў назву Кастуся Каліноўскага, пра гэта вельмі шмат паведамлялі мясцовыя СМІ. Людзі пра гэта даведаліся і гэта канешне падштурхнула іх да таго, каб яны зразумелі, што ў беларусы ў большасці на баку Украіны.
Вайна ва Украіне выклікала новую хвалю эміграцыі беларусаў. У адну толькі Грузію за два першыя тыдні вайны прыехала больш за 15 тысяч беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя