Ці з’явіцца філіял Культурнага цэнтра Беларусі ў Беластоку?
Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве, які дзейнічае пры беларускай амбасадзе, у перспектыве можа адкрыць свае філіялы ў рэгіёнах, найперш у Беластоку.
Раней і сам цэнтр працаваў у сталіцы Падляшша, але ў выніку патрабавання Міністэрства замежных спраў Польшчы перамясціўся ў сталіцу – прыгадвае дырэктар Культурнага цэнтру Эдуард Швайко. Адкрыццё філіялаў будзе магчымым у выпадку падпісання адпаведнага пагаднення:
– Сітуацыя такая, што патрабаванні перадусім польскага боку такія, каб усе замежныя культурныя цэнтры былі ў сталіцы. Але наступны крок – гэта падпісанне двухбаковага пагаднення аб дзейнасці Польскага інстытута ў Менску і Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. Дарэчы, ад зместа гэтага пагаднення будзе залежаць, ці будуць філіялы гэтых інстытуцый у рэгіёнах.
Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тэрміны падпісання такога пагаднення. Адзначым, што Культурны цэнтр Беларусі займаецца прамоцыяй беларускай культуры ў Польшчы, арганізуе шматлікія выставы, канцэрты ды іншыя мерапрыемствы, супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі, установамі адукацыі і гэтык далей.
“Праца ў Варшаве дае шырокія перспектывы, магчымасць супрацоўніцтва з вядучымі ўстановамі культуры ў Польшчы”, – дадае Эдуард Швайко. Толькі сёлета ініцыяванае аднаўленне супрацоўніцтва паміж Акадэміяй музыкі Беларусі ды Інстытутам Шапэна ў Варшаве, прапрацоўваецца пытанне пра супрацоўніцтва Сілезскай оперы і філармоніі з Віцебскай і гэтык далей.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: poland.mfa.gov.by