Ці з’явіцца тапонім ВКЛ на мапе Беластока?



Магчыма, што ўжо ў лютым кальцавую развязку ў Беластоку назавуць у гонар Вялікага Княства Літоўскага. 

У мінулым годзе грамадскі дзеяч Радэк Пусько прапанаваў назваць вуліцу, плошчу або сквер у гонар ВКЛ. Праект пастановы падрыхтаваў сябра рады Славамір Назарук. Паводле яго словаў, дыскусія і галасаванне на гэты конт адбудуцца на сесіі рады горада 26-га лютага:

– У гарадскую раду пададзены праект пастановы групы радных, якія пад ёй падпісаліся. Пабачым ці пройдзе гэта пастанова. Калі ўсе працэдуры будуць выкананыя, то на сесіі 26-га лютага адбудзецца дыскусія па гэтым пытанні.

Кальцавая развязка, якую магчыма назавуць у гонар ВКЛ, знаходзіцца ў раёне Баяры, на скрыжаванні вуліц: Слонімскай, Добрай і Скарупскай. Менавіта ў гэтым месцы паводле гісторыкаў, праходзіла мяжа паміж Польскай Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя