Ці з’явіцца ў Беластоку вуліца Вольнай Беларусі?
Ці з’явіцца ў Беластоку вуліца Вольнай Беларусі? Не зважаючы на рашэнне Рады горада перайменаваць частку вуліцы Электрычнай у вуліцу Вольнай Беларусі, пакуль няма пэўнасці, што так адбудзецца.
Частка жыхароў названай вуліцы, пры якой месціцца Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь, падпісала хадайніцтва да Падляшскага ваяводы Багдана Пашкоўскага з просьбай адмяніць рашэнне, прынятае раднымі.
Як паведамляе “Радыё Беласток”, ваявода, які правярае пастановы, прынятыя органамі мясцовага самакіравання, атрымаў зварот ад жыхароў і ўладальнікаў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на фрагменце вуліцы Электрычнай. На гэтай частцы вуліцы пражывае 70 чалавек і знаходзяцца 8 фірмаў. Частка з іх падкрэслівае, што ў справе перайменавання вуліцы не былі праведзеныя кансультацыі з жыхарамі, і што рашэнне прынятае супраць іх волі. Цяпер ваявода мае час да 29 кастрычніка, каб вырашыць, ці задаволіць зварот жыхароў.
Беларускае Радыё Рацыя