Ці з’явіцца ў Нараўчанскай пачатковай школы новы патрон?
Нараўка не гатовая бараніць добрае імя свайго земляка Аляксандра Ваўкавыцкага, які арганізаваў мясцовае беларускае школьніцтва. І хаця нараўчанскія беларусы ўзгадваюць Ваўкавыцкага як адданага настаўніка і добрага чалавека, радныя вырашылі, што пачатковая школа не будзе ўжо насіць ягонае імя.
Войт гміны Мікалай Павільч лічыць, што “закалот “ вакол патрона не дазваляе школе весьці звычайны адукацыйны працэс:
– Калі мы будзем жыць мінулым, то далёка не зойдзем. Гэта не тая тэма, якая сёння з’яўляецца найважнейшай ні ў гміне, ні ў грамадстве. Гэта звязана з гмінным аб’ектам, з палітычнай аурай, якой вакол школы не мусіць быць.
Жыхары Нараўкі:
– Калі мы будзем рабіць тое, чаго ад нас хочуць, не лічачыся з намі, то нас затопчуць.
– Калі нам заменяць патрона з Аляксандра Ваўкавыцкага на жанчыну, пра якую так шмат зараз гаворыцца, то мы будзем змагацца за тое, каб нашым патронам стала Тамара Саланевіч.
З верасьня гэтага года пачаткова школа імя Аляксандра Ваўкавыцкага будзе проста Пачатковай школай ў Нараўцы.
Пакуль не разглядаюцца прапановы надання новага патрона. Вядома, што частка настаўнікаў хоча, каб школе надалі імя Тамары Саланевіч. Аднак ёсьць і прапановы, каб школа насіла імя Дануты Седзікувны псеўданім „Інка”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя