Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Варшаве (абноўлена)
У Варшаве на плошчы Жалезнай брамы ля помніка Тадэвушу Касцюшку адбылася сустрэча лідара дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай Варшавы. Плошча была запоўнена людзьмі з бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі палітвязняў.
Чакаючы Святлану, перад удзельнікамі сустрэчы выступіла шмат прамоўцаў, гучалі мастацкія выступы. Прамова самой Святланы Ціханоўскай была кароткай. Яна пачалася з прапановы ўшанаваць памяць загінулага Андрэя Зэльцэра хвілінай маўчання. Затым падзякавала беларусам Варшавы за тое, што прыйшлі на сустрэчу, і за штонядзельныя акцыі і адказала на некалькі пытанняў, якія задалі ўдзельнікі сустрэчы. Людзі былі вельмі акрыленыя цёплай сустрэчай. Але радасць ад сустрэчы не засланіла і трывожных пытанняў, якія людзі не паспелі задаць:
– Выдатна ўсё, вельмі прыемна.
– Шмат пытанняў яшчэ застаецца не закрытымі. Што будзе далей? Самае галоўнае пытанне. Трэба дзеянні, а не словы.
– Шмат станоўчых эмоцый, шмат людзей прыйшло. Сустрэча адбылася на пазітыўным узроўні. І з добрым настроем, і баявым духам разыходзімся па дамах, і з новымі сіламі далей – у барацьбу.
– Я не задаў пытанні. Першае – пра аб’яднанне ўсіх палітыкаў, а другое пытанне, якое шмат разоў задавалі і на якое ніколі не было адказу: чаму недаацэньваецца легітымны бок лідарства? Іншымі словамі – чаму не лічыце патрэбным зрабіць інаўгурацыю.
У канцы сустрэчы Вольны хор беларусаў у Варшаве выканаў песні, якія гучалі падчас жнівеньскіх падзей 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя
***
6 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Варшаве. На сустрэчу прыйшло некалькі сотняў чалавек, над вялікім натоўпам луналі бел-чырвона-белыя сцягі.
Сустрэчу лідарка дэмакратычнай Беларусі пачала з ушанавання памяці Андрэя Зельцэра:
– Я хацела б сённяшні выступ пачаць з хвіліны маўчання. Сёння пахавалі Андрэя Зельцэра. Ён заслугоўвае таго, каб мы ўшанавалі ягоную памяць. Дзякуй кожнаму, хто сёння тут прысутнічае, за тое, што вы прыйшлі паразмаўляць са мной, паразмаўляць адзін з адным. Такія сустрэчы вельмі важныя для падтрымання духу. Бываюць хвіліны адчаю і дэпрэсіі. І ўсё, што ў нас застаецца, гэта тыя, хто з намі побач. Хто падставіць плячо і дапаможа прайсці праз складаны перыяд жыцця.
Сустрэча завяршылася выступам „Вольнага хору”.
Раней Святлана Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы, яна чарговы раз заклікала міжнародную супольнасць «не прызнаваць дакументы, падпісаныя Лукашэнкам ці яго нелегітымным урадам».
Фота: скрыншот з відэа facebook.com/BelaruskiDom
* * *
Напярэдадні сустрэча прадстаўнікоў беларускай дыяспары са Святланай Ціханоўскай. На яе запрашае Беларускі дом у Варшаве. У польскай сталіцы мерапрыемства запланаванае 6-га кастрычніка а 17:30 на Placu Żelaznej Bramy каля помніка Тадэвушу Касцюшку. Варта пагаварыць са Святланай Ціханоўскай, а таксама чарговы раз выказаць свой пратэст супраць рэпрэсіўных дзеянняў, якія прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўжываюць супраць уласных грамадзян. Кажуць у Беларускім доме ў Варшаве.
Яго кіраўнік Алесь Зарэмбюк прыгадвае папярэднюю сустрэчу:
– Прайшло даволі шмат часу з апошняй сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай у Польшчы. Апошняя сустрэча адбылася 3 чэрвеня, і прайшло ўжо чатыры месяцы. Самае цікавае, што за гэтыя чатыры месяцы вельмі шмат чаго адбылося. Больш за 700 палітвязняў, на той момант іх было каля трохсот. Зараз мы назіраем яшчэ большую хвалю ўцекачоў з Беларусі.
Зараз Святлана Ціханоўская ў польскай сталіцы на Варшаўскім форуме ў справе бяспекі. Беларуская лідарка правяла шэраг двухбаковых спатканняў з палітыкамі, напярэдадні яна сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Палітыкі абмеркавалі міграцыйны крызіс, а таксама спосабы ўплыву на беларускі рэжым, каб вырашыць гэты крызіс.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фонд „Беларускі дом” у Варшаве паведамляе пра сустрэчу лідара беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай у Польшчы. Сустрэча адбудзецца 6 кастрычніка ў 17:30 на плошчы Жалезнай брамы, побач з помнікам Тадэвушу Касцюшку.
Беларусь больш за год пасля скрадзеных выбараў змагаецца за свабоду ад дыктатуры. На нашай радзіме беларусы штодня падвяргаюцца рэпрэсіям і ганенням. На мяжы паміж Беларуссю і краінамі Еўрапейскага звязу існуе крызіс, у выніку якога таксама гінуць людзі. Мы не можам быць абыякавымі, таму тут, у Варшаве, дзе мы можам смела выходзіць і збірацца, не баючыся за сваю свабоду і жыццё, сотні беларусаў збяруцца з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі і транспарантамі, каб паказаць Святлане Ціханоўскай, нашым землякам і ўсяму свету нашу еднасць і падтрымку.
Мэта сустрэчы – сустрэцца і пагутарыць са Святланай Ціханоўскай, з вельмі вялікай дыяспарай у Польшчы, а таксама выказаць пратэст супраць масавых рэпрэсій, якія праводзяцца рэжымам Лукашэнкі, і выказаць падтрымку прыняццю мер, накіраваных на вызваленне сотняў палітвязняў, у тым ліку ўвядзенне шырокіх санкцый.
Падчас мітынгу прагучаць прамовы, а ўдзельнікі паднімуць лозунгі салідарнасці і будуць мець з сабой банеры і плакаты. Таксама будзе выступ музыкаў з Вольнага беларускага аркестра.
Паводле прэс-рэлізу