Цягнік з Гародні ў Кракаў можа з’явіцца ў верасні 2016



цягнік

Да існуючага цягніка Hańcza PKP Intercity, які ездзіць з Беластока ў Кракаў, могуць дачапіць бесперасадачныя вагоны з Гародні. Першы такі састаў можа рушыць ужо 4 верасня. Такім чынам Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы хоча вярнуць чыгуначнае спалучэнне паміж Беластокам і Гродна. Зараз вядуцца перамовы з Беларускай Чыгункай, каб дасягнуць канкурэнтнай цаны білетаў, піша Rynek kolejowy.

Да верасня польская чыгунка павінна навучыць машыністаў і правесці пробныя паездкі па тэрыторыі Беларусі. Калі атрымаецца рэалізаваць ідэю ў 2016 годзе, то цягнік павінен будзе застацца і ў раскладзе на 2017 год.

Адсутнасць чыгуначнага спалучэння хвалюе польскіх палітыкаў. Гэтак, да міністэрства ў гэтай справе ўжо звярталіся дэпутаты сейму, якія лічаць, што ранейшы цягнік быў важны для падтрымання кантактаў з палякамі ў Беларусі. Міністэрства некалькі разоў тлумачыла, што пагранічнае спалучэнне павінна фінансавацца мясцовымі ўладамі, але маршалак Падляшскага ваяводства не збіраецца аднаўляць цягнік. Таму міністэрству прыйшлося шукаць выйсце, як далучыць гарадзенскі кірунак да ўжо існуючых маршрутаў.

t-styl.info