Цыстэрны з кантрабандай цыгарэт выявілі ў Семяноўцы
Супрацоўнікі Мытна-падатковай службы з чыгуначнага пункту пропуску ў Семяноўцы выявілі спробу кантрабанды партыі цыгарэт, якая налічвае 4 тысячы 200 пачак.
Кажа прадстаўнік службы Мацей Чарнэцкі:
-Таварны цягнік, які ўязджаў у Польшчу з Беларусі, даследавалі з дапамогай рэнтгенаўскага сканара супрацоўнікі мытна-падатковай службы з памежнага пераходу ў Семяноўцы. Аналіз выявы паказаў, што кантрабандныя цыгарэты могуць быць схаваныя ў дзвюх чыгуначных цыстэрнах. Вагоны дэталёва праверылі. Пад так званай ахоўнай абшыўкай дзвюх цыстэрнаў супрацоўнікі KAS знайшлі 4200 пачак цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі.
Рыначны кошт кантрабанды ацэньваецца на 60 тысяч злотых. Справай займаецца Падляшскае мытна-падатковае ўпраўленне ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: podlaskie.kas.gov.pl