Турыстычны цэнтр Гарадзенскай вобласці ў Беластоку адкрыецца праз тыдзень
Толькі праз тыдзень адкрыецца ў Беластоку турыстычна-інфармацыйны цэнтр Гарадзенскай вобласці. Першапачаткова цэнтр меў з’явіцца сёння – так як і турыстычна-інфармацыйны цэнтр Падляшша ў Гародні. Цяпер вядома, што афіцыйнае адкрыццё перанесенае на 3 лістапада з-за адсутнасці маршалка ваяводства Ежы Ляшчынскага, які сёння адкрываў бязвізавы рэжым на Аўгустоўскім канале. Кажа Паўліна Яношка з Рэгіянальнага бюро турыстычнай інфармацыі ў Беластоку.
– Гэта немагчыма з-за адсутнасці маршалка ваяводства. Таму тэрмін адкрыцця змянілі. У нас будзе функцыянаваць інфармацыйны стэнд з матэрыяламі. Чакаецца, што супрацоўнік цэнтру азнаёміцца з турыстычнымі аб’ектамі ў Беларусі.
Турыстычна-інфармацыйны цэнтр Гарадзенскай вобласці арганізуе Рэгіянальнае бюро турыстычнай інфармацыі ў Беластоку разам з Маршалкоўскай управай Падляшскага ваяводства. Цэнтр будзе знаходзіцці ў сядзібе рэгіянальнага бюро ў фае Падляшскай оперы і філармоніі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота vgr.by