Турыстычны шлях, як спосаб развіцця турызму
Турыстычны шлях, як адзін з найлепшых спосабаў развіцця турызму. У Падляшскім музеі народнай культуры на гэтую тэму разважалі навукоўцы з Польшчы і Беларусі. Семінар „Турыстычныя шляхі і іх значэнне для аховы культурнай спадчыны” – гэта першае з больш чым дзесяці мерапрыемстваў сёлетніх Еўрапейскіх дзён спадчыны ў Падляшскім ваяводстве.
Турыстычныя шляхі павінны спалучаць такія рэгіёны, як Падляшша і Гарадзеншчына, адзначыла доктар Святлана Сялверстава:
– Уся справа ў тым, што які б мы шлях не абралі, ці ў Падляшскім ваяводстве, ці на Гарадзеншчыне, абрыванне яго на мяжы – гэта штучная акцыя. Які б мы не абралі шлях, гэта ж адзін рэгіён, гэта спрадвек адна зямля. Гэта мяжа пракладзена штучна, яна дзеліць не толькі краіны, народы, яна падзяліла па-жывому адзіную рэгіянальную культуру.
Еўрапейскія дні спадчыны — гэта супольная ініцыятыва Рады Еўропы і Еўрапейскага Звязу. У Польшчы яны праходзяць з 2007 года. Арганізатары хочуць такім чынам паказаць разнастайнасць рэгіянальнай культурнай спадчыны, узгадваць пра супольныя карані еўрапейскай культуры і заахвочваць да міжкультурнага дыялогу.
Беларускае Радыё Рацыя