Турыстыка, гандаль, культура. І мала палітыкі. Госць Рацыі – маршалак Ежы Ляшчынскі



Турыстыка, гандаль, культура. І мала палітыкі. Так можна акрэсліць трансгранічнае супрацоўніцтва паміж Падляшскім ваяводствам і Гарадзенскай і Берасцейскай абласцямі. Пра гэта кажа маршалак ваяводства Ежы Ляшчынскі. Галава выканаўчай улады рэгіёну быў госцем нашага ранішняга эфіру.

РР: Прапаную пачаць з тэмы бязвізавага руху, які цяпер маем з часткай Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Як ацэньваеце такі рух? Ці ёсць нейкія карысці для ваяводства?

– Я лічу, што гэта можа самы вялікі поспех у рамках супрацоўніцтва за апошні час паміж Польшчай і Беларуссю, поспех і для нашых рэгіёнаў: Падляшскага ваяводства, Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей. Цяпер такі рух ёсць таксама ў пункце пропуску Рудаўка – Лясная на Аўгустоўскім канале, але таксама з’явіўся ў напрамку Берасця. Гэта, безумоўна, актывізавала турыстычны рух па абодва бакі мяжы, і шмат турыстаў карыстаецца гэтай палёгкай. Нас гэта радуе, бо і мы выязджаем у Беларусь, але і да нас больш прыязджае цяпер беларусаў. І важна, што гэты бязвізавы рух надалей развіваецца.

РР: Падляшскае ваяводства і Гарадзеншчына, Берасцейшчына – гэта суседзі. Пагаворым пра найбольш паспяховыя супольныя трансгранічныя праекты. І ці дапамагаюць у такім супрацоўніцтве трансгранічныя праграмы, такія, як напрыклад, “Польшча-Беларусь-Украіна”?

– Нас вельмі цешыць, што ў рамках гэтай трансгранічнай праграмы мы можам рэалізаваць супольныя праекты з Беларуссю ды Украінай. Падляшскае ваяводства актыўна ўдзельнічае ў гэтай праграме, рэалізуецца некалькі дзясяткаў праектаў. Я прывяду некалькі прыкладаў такіх праектаў. Так, наш Падляшскі музей супрацоўнічае з гісторыка-археалагічным музеем у Гародні. У межах гэтага супрацоўніцтва паўстане Цэнтр па даследаванні і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. Ёсць праекты, якія тычацца дарожнай інфраструктуры, якія супольна рэалізуюць Гарадзеншчына з Беластоцкім паветам. Праекты ў галіне аховы здароўя, якія рэалізуе Ваяводскі шпіталь у Беластоку і Гарадзенскі абласны шпіталь. Наладжанае супрацоўніцтва таксама ў галіне бяспекі, калі супольныя праекты рэалізуюць выратавальныя службы і гэтык далей. Гэта буйныя праекты, якія каштуюць ад 1,5 да 2 мільёнаў еўра. Такія праекты – вялікая падтрымка і для нашага рэгіёну, і для беларускіх рэгіёнаў, якія таксама ахвотна карыстаюцца сродкамі з Еўрапейскага звязу.

– Мы як самаўрад пастаянна намагаемся ў Еўрапейскай камісіі, у Еўрапейскім парламенце, каб у будучыні павялічыць фінансавы аб’ём у межах праграм трансгранічнага супрацоўніцтва. Да гэтага часу было надзвычай вялікае зацікаўленне і было вельмі шмат пададзена заявак на дафінансаванне ў межах праграмы „Польшча-Беларусь-Украіна”, таму толькі нязначную частку паданых праектаў можна было рэалізаваць і атрымаць на іх грошы. Гэта вельмі добрыя праекты, якія акрамя ўсяго іншага, яшчэ і непасрэдна збліжаюць людзей, навязваюцца новыя кантакты, з якіх пазней вынікаюць новыя праекты. Паўстаюць кантакты паміж самаўрадамі па абодва бакі мяжы, з якіх вынікаюць і новыя гаспадарчыя праекты. Я прыгадаю, што летась мы аднавілі дамову з Гарадзенскай вобласцю аб супрацоўніцтве ў розных сферах, а сёлета ўпершыню падпісалі таксама такую дамову аб супрацоўніцтве з Берасцейскай вобласцю. Дамовы тычацца і гаспадаркі, і культуры, і сацыяльнай сферы, таксама запланаваныя абмены моладзі. Я лічу, што з суседзямі трэба найперш супрацоўнічаць.

РР: Як кантактуецца з беларускімі рэгіёнамі, і наколькі мае ўплыў на гэтыя кантакты палітычны клімат, стан палітычных стасункаў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў?

– З губернатарам Гарадзеншчыны Уладзімірам Краўцовым мы не адзін раз размаўлялі пра супрацоўніцтва. Я думаю, што палітычны клімат не ўплывае на тое, каб мы маглі нармальна супрацоўнічаць. Асабліва, калі мы кажам пра супрацоўніцтва ў сферы культуры, а звычайна з гэтага ўсё пачынаецца. Супольнай працы ёсць напраўду вельмі шмат.

РР: Усё больш беларусаў працуе на Падляшшы. Ці гэта заўважна? І як увогуле беларусы змяняюць Падляшша? Бо шмат прыязджаюць і на закупы, і каб адпачыць… Ці гэта мае ўплыў на гаспадарку рэгіёну?

– Так, і гэта адчуваецца. Гэта важны эканамічны складнік і для Беластоку, і для іншых прыгранічных гарадоў, гэта развівае бізнес. Мы ў Польшчы, і ў Падляшскім ваяводстве таксама, маем сітуацыю недахопу працоўных рук, а таму ахвотна карыстаемся працоўнымі з Украіны, з Беларусі, з іншых краін. Для нашай эканомікі, для падляшскіх прадпрыемстваў гэта сапраўды вельмі важна. Урад і самаўрады імкнуцца на месцах стварыць добрыя ўмовы для працаўнікоў з-за мяжы. Частка з тых, хто прыязджае, застаюцца тут ужо жыць, і мы разам будзем жыць і развіваць нашую супольнасць і нашыя дзяржавы.

РР: Увосень пройдуць выбары ў самаўрад. Вы ўжо падрыхтаваныя да выбарчай кампаніі?

– Так, канешне. Рыхтуемся да наступных выбараў практычна ад таго часу, як выйгралі папярэднія. Канешне, кожныя выбары – гэта праверка. Я вылучаюся ад партыі PSL. Апошнім часам мы шмат робім, асабліва, калі казаць пра дарожныя інвестыцыі ў ваколіцах Беластоку, таксама мадэрнізуецца дарога Заблудаў – Гайнаўка. Я лічу, што Падляшскае ваяводства ў апошнія гады вельмі змянілася, калі казаць пра сельскую гаспадарку, маем добрыя фірмы, якія вырабляюць сельскагаспадарчую тэхніку, якая пастаўляюцца ў розныя краіны свету. Спадзяюся, што жыхары рэгіёну гэта ацэняць і зноў прагаласуюць за нас. Я на гэта спадзяюся.

Маршалак Ежы Ляшчынскі (злева) і праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Ежы Ляшчынскі (справа)

РР: Падляшскае ваяводства сапраўды змяняецца. Яшчэ больш зменіцца, пэўна, калі праз яго пройдуць дзве важныя міжнародныя трасы, гэта Via Baltica і Via Karpatia…

– Так, я думаю, гэта вялікі шанец для ваяводстваў усходняй Польшчы. Таксама сёлета будзе завершана мадэрнізацыя трасы S8 Беласток-Варшава. Таксама звярну ўвагу на важнасць разбудовы памежных пунктаў пропуску ў Кузніцы, Семяноўцы, Баброўніках. Гандлёвае супрацоўніцтва імкліва развіваецца, прыгадаю, што знаходзімся на Шаўковым шляху. Будуюцца новыя тэрміналы, у тым ліку інтэрмадальныя. Гэта, паўтару, вялікі шанец для нашага рэгіёну. І мы, але таксама і Беларусь, скарыстаемся пры гэтым з магчымасцяў транзіту. Так што тут праглядаюцца адныя карысці для ўсіх нас. 

Цалкам гутарка – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя