Тутэйшыя ці не? Стваральнікі Народнага ўніверсітэту ў Тэрэмісках у гасцях у аб’яднання АББА
Тутэйшыя ці – не? На гэтае пытанне Кацярына і Павел Вінярскія пакуль не маюць адзначнага адказу. 15 гадоў таму яны, жыхары Варшавы, перабраліся на Падляшша, у вёску Тэрэміскі ў Белавежскай пушчы. Заклалі тут Народны ўніверсітэт – школу нефармальнай адукацыі, Тэатр у стадоле, ды яшчэ арганізавалі ў Белавежы навучанне беларускай мовы.
На здымку (злева-направа): Павел Вінярскі, Мікола Ваўранюк (вядоўца сустрэчы) і Кася Вінярская
Павел і Кацярына Вінярскія сталі госцьмі сустрэчы з цыклу „Пагаворым пра…”, якую арганізавала аб’яднанне на карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову АББА. Сустрэча прайшла ў Беластоку ў Склепе з культурай, які дзейнічае пры пачатковай школе №4. Госці з Тэрэмісак адказалі і на некалькі пытанняў нашага радыё.
РР: Пасля столькіх гадоў, і ўсяго, што зрабілі, вы ўжо тутэйшыя ці не?
Павел: У пэўным сэнсе не, і ніколі не будзем. Але тут трэба адзначыць, што існуюць два падыходы да гэтага пытання. Першы, традыцыйны, звязаны з такім глыбокім „укараненнем” у сям’і, мясцовасці і гэтык далей. І другі падыход – сучасны: у свеце, дзе людзі ўвесь час перамяшчаюцца, гэтая тутэйшасць хутчэй звязаная з дзейнасцю, з учынкамі. Там з аднаго боку, мы – не тутэйшыя, а з іншага – жывем тут ужо шмат гадоў, дзейнічаем на карысць гэтай мясцовасці. Гэтае месца стала нашай часткай, і ў нейкім сэнсе мы становімся гэтымі тутэйшымі.
Кася: Я не даю сябе ўціскаць у такія падзелы, якія людзі любяць рабіць: хто больш адсюль, а хто – менш. Я сябе адчуваю з Тэрэмісак. Цэлае маё дарослае жыццё звязанае з гэтым месцам. Мой уласны дом, мае дзеці, мая дзейнасць, у якую я ўклала шмат сэрца і ўласнай заангажаванасці. Тут маё месца. Можа гэта і нетактоўнасць у дачыненні да некаторых асобаў, але я сябе адчуваю тутэйшай.
РР: Падляшша заўсёды асацыююць з шматкультурнасцю. Гаворыцца, што гэта рэгіён, дзе добра суіснуюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Вы жывеце тут ужо 15 гадоў. Вашае Падляшша, яно якое?
Павел: Не ведаю. Раней я б адразу адказаў на гэтае пытанне, бо я меў нейкі стэрэатып гэтага месца. А цяпер не магу адказаць на гэтае пытанне. Ёсць па-рознаму, і розных асобаў мы сустракаем, якія прэзентуюць розныя погляды. З аднымі нам па дарозе, з іншымі – не. Думаю, што свет ствараюць людзі і культура, і не так проста адказаць на пытанне, як гэта ёсць.
РР: Але Падляшша застаецца месцам, якое вам падабаецца?
Павел: Так, канешне. Гэта ўсё засталося – краявіды, прырода, культура, дзеля якіх мы сюды і прыехалі. Толькі з гадамі мы навучыліся глядзець глыбей у мясцовую рэчаіснасць, мы зразумелі праблематычнасць гэтага месца. Мы зразумелі, у якое непрастое месца мы прыехалі. Не ёсць яно лёгкім. Падляшша не адпавядае ўсім тым стэрэатыпам, якія вакол яго кружляюць. Падляшша іншае, не такое, як пра яго гавораць. Але я пакуль не магу сказаць, якое, не магу гэтага акрэсліць.
РР: Ёсць адчуванне, што тут можна нешта змяніць, нават маленькімі крокамі. Ці можа ўжо нешта змяняецца, дзякуючы і вам, у тым ліку?
Кася: Так. Мне здаецца, што Падляшша – гэта не слоган з білборду, што тут такая шматкультурнасць, шматнацыянальнасць. І ўсё мы тут добра адныя з другімі жывем. Не было так, і не ёсць заўсёды цяпер. Мы маем такі досвед. Але тое, што важна, і што мы імкнемся рабіць, гэта шукаць праўду пра гэтае месца, у якім мы жывем. Да прыкладу, мае пошукі гісторыі габрэяў у Белавежы – гэта акурат пошукі гэтай праўды, якая знікла з гістарычнага дыскурсу Белавежы. Менавіта гэта трэба рабіць, паказываць праўду, нават, калі яна не з’яўляецца такой, якой бы мы хацелі, якая прамаўляе з білбордаў.
РР: Падляшша – гэта яшчэ і рэгіён, які заўсёды звязаны з Беларуссю, гістарычна звязаны. Наколькі гэта адчуваецца ў вашай дзейнасці, ці маеце нейкія кантакты з Беларуссю, ці самі ездзілі ў Беларусь?
Кася: Мы былі адзін раз. І акурат у сувязі з праектам пошуку гісторыі белавежскіх габрэяў. Габрэйскае асадніцтва ішло з боку Пружан, з боку Гродзенскай губерніі. Пружаны, Кобрын, Гародня – гэта месцы, гістарычна натуральныя для Белавежы, якая і адносілася да Гродзенскай губерніі. Шукаючы гісторыю, я хацела аб’ехаць гэтыя месцы, прайсціся вуліцамі гэтых мясцовасцяў. Знайсці могілкі, якія выкарыстоўвалі і нашыя белавежскія габрэі, верагодна, у першыя гады жыцця ў Белавежы. І гэта была галоўная прычына выезду ў Беларусь.
Павел: Таксама ў Тэрэмісках ужо выступалі беларускія музыкі – гурт “Стары Ольса” і Зміцер Вайцюшкевіч. Дарэчы, цікава, што палякі, напрыклад, з Мазоўша, яны не разумеюць, якія ўвогуле тут беларусы на Падляшшы. Для многіх Польшча – гэта такая роўная польская нацыянальная плыта. І мы тлумачым, што гэта не так.
На працягу некалькіх гадоў Кася і Павел Вінярскія праводзілі ў Тэрэмісках дзевяцімесячныя курсы навучання для моладзі. Агулам адбылося шэсць выпускаў, а выпускнікамі Народнага ўніверсітэту імя Я.Ю.Ліпскага сталі каля 90 маладых людзей. З фінансавых прычынаў, цяпер падобныя курсы ажыццяўляць немагчыма. Аднак дзейнасць канцэнтруецца на іншых напрамках, між іншым, гэта праца з дзецьмі ў Белавежы, пачынаючы з дзіцячага садка. У цёплы перыяд году ў Тэатры, арганізаваным у стадоле, адбываюцца шматлікія мерапрыемствы з удзелам творцаў з усёй Польшчы. Сам жа ўніверсітэт месціцца ў будынку старой школы ў Тэрэмісках.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота аўтара