Творчая сустрэча з Мірай Лукшай



Міра Лукша запрашае на аўтарскую сустрэчу. Сёлета літаратарка, журналістка, перакладчыца, лаўрэатка літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага – адзначае 45-годдзе сваёй творчай дзейнасці.

У 1973 годзе яна дэбютавала на старонках тыднёвіка “Ніва”, з якім у далейшым і звязала сваё прафесійнае жыццё. Расказвае аўтарка:

– Пачала пісаць у “Ніву”, і дзесьці праз паўгода наступіў дэбют на літаратурнай старонцы. У 80-х гадах там былі вельмі цікавыя аўтары, якія цяпер вядомыя. І пасля “Парнасіку”, дзе я дэбютавала і пісала як вучаніца пачатковай школы, наступіў дэбют на літаратурнай старонцы ў “Ніве” са здымачкам і маёй кароценькай біяграфіяй. Я тады была вучаніцай першага класа ліцэя.

Міра Лукша з’яўляецца аўтаркай шэрагу кніг паэзіі і прозы для дзяцей і дарослых. Яе тэксты перакладаліся на ангельскую, чэшскую, расейскую, украінскую, румынскую і грэцкую мовы. Сустрэча з аўтаркай пройдзе ў Książnicy Podlaskiej у межах “Літаратурных серадаў”. Пачатак сустрэчы а 17-ай гадзіне па адрасе вуліца Марыі Складоўскай-Кюры 14А у Беластоку.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток