TVP Białystok пакажа рэпартаж пра фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка“2023»
29 жніўня Польскае Тэлебачанне Беласток (TVP Białystok) а гадзіне 08:32 і 30 жніўня ў 17:40 пакажа рэпартаж Міколы Ваўранюка пра 42 Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка“2023».
Фестываль праходзіў з 25 па 28 мая сёлета ў Беластоку. Гэта першае ў свеце мерапрыемства, якое прадстаўляе праваслаўную царкоўную музыку ад пачатку яе існавання да сучаснасці, з асаблівым акцэнтам на творах кампазітараў Рэчы Паспалітай. Падчас мерапрыемства выступаюць як прафесійныя, так і аматарскія хоры – незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, гэта свецкія хоры, праваслаўныя, каталіцкія, грэка-каталіцкія, стараверскія, пратэстанцкія, мусульманскія, будысцкія ці вызнаўцаў юдаізму.
Фестываль існуе з 1982 года і дагэтуль на ім выступіла каля 1000 гуртоў з усяго свету. У 1995 годзе Міністэрства культуры Польшчы прысвоіла яму нулявую катэгорыю, што ставіць фэст у адзін шэраг з Конкурсам Шапэна і Міжнародным фестывалем сучаснай музыкі «Варшаўская восень».
На сёлетнім фестывалі выступілі хоры з ЗША, Латвіі, Румыніі, Малдовы, Эстоніі, Балгарыі, Грэцыі, Украіны і Казахстана. Акрамя праслухоўванняў прайшлі тры тэматычныя канцэрты. Уступны канцэрт быў прысвечаны творчасці шматгадовага мастацкага апекуна фестывалю Кшыштафа Пендэрэцкага, у сувязі з яго 90-годдзем. Другі канцэрт – гэта была прэзентацыя беларускай царкоўнай музыкі ў выкананні хору «Concordia», заснаванага беларускімі ўцекачамі і які дзеіць у Варшаве як Хор Вольнай Беларусі. У трэцім канцэрце прагучала хоравая музыка Казахстану.
Фэст адбываўся пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, а таксама Саюза польскіх кампазітараў, а таксама пад медыйным патранатам Беларускага Радыё Рацыя.