Тыднёвік „Ніва” выдаў каляндар да 100-годдзя БНР



Кажа старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя і галоўны рэдактар Тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” Яўген Вапа:

РР: Што аб’ядноўвае Язэпа Варонку, Івана Краскоўскага, Уладзіслава Казлоўскага, Усевалада Ігнатоўскага, Яўгена Хлябцэвіча ды іншых?

Яўген Вапа: Гэта беларусы, якія нарадзіліся ў розных кутках беларускіх этнаграфічных зямель у XIX стагоддзі. Аб’ядноўвае іх тое, што нягледзячы на месца нараджэння і пражыванне ў розных кутках нашай духоўнай Бацькаўшчыны, у іх нарадзілася і выспявала ідэя, якая ад этнаграфізму перайшла ў палітычную сферу – народзіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы знаходзімся ў Беластоку, на Беласточчыне, большасць з іх мае дачыненне да беларусаў Падляшша, да беларусаў Беласточчыны. Таксама гэта тыя асобы, якія сваімі ідэямі, сваімі дзеяннямі і сваёй адказнасцю заклалі цагліну ў падмурак беларускасці і БНР.

РР: Выявы гэтых асобаў змешчаны на каляровым календары Тыднёвіка беларусаў „Ніва” на 2018 год. Як ён паўстаў?

Яўген Вапа: Зразумела, што нашыя выдавецкія магчымасці не настолькі вялікія як хацелася б. Некалькі гадоў таму чальцам рэдакцыі прыйшла думка, што трэба нейкім чынам выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці. Трэба паказваць тое, што адбывалася, праз пэўнае выяўленне таго ў больш трывалай форме, напрыклад, штогадовага ўшанавання. Я папрасіў дапамагчы Міраслава Здрайкоўскага, які ўжо супрацоўнічаў з „Нівай” пры афармленні розных выданняў. Мы вырашылі, што каляндар апрача галоўнай сваёй функцыі, можа паказаць нашыя важныя юбілеі, а таксама дзяржаўныя, рэлігійныя святы ды іншае.

 

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя