Тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва” споўнілася 65 гадоў



65 гадоў споўнілася тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”.

Гэта важнае свята беларусаў Беласточчыны, але і агульнай беларускай прасторы, – кажа галоўны рэдактар газеты Яўген Вапа. Ён узгадвае, што першае знаёмства з “Нівай” для яго і для многіх адбылося яшчэ ў дзяцінстве:

– Першы ўспамін свайго дзяцінства і першыя літары, з якімі знаёміўся чалавек, гэта былі кірылічныя літары ў “Ніве” і ў хатніх кнігах, якія тады купляліся. У мяне дома “Ніва” была заўсёды. Бацька, пішу і ўспамінаю, як такі сентымент, а таксама іншыя людзі гэтага хацелі, слухаць і чытаць. Мая суседка не ведала добра мовы, была ўжо слепаватая, мама беларускай мове не вучылася, таму тата кожную нядзелю спаўняў яшчэ ролю агульнага чытача, бо чытаў для мамы і для суседкі.

Да свайго юбілею праграмная рада тыднёвіка “Нівы” падрыхтавала адмысловы альбом са здымкамі з розных гадоў, якія зафіксавалі імгненні беларускага жыцця на старонках газеты, пачынаючы з яе заснавання ў сакавіку 1956 года. Раней ужо выдалі альбом з фотаздымкамі асобаў “Нівы”, цяпер падыход быў іншым – працягвае Яўген Вапа:

– Проста захацелася, каб такі альбом паказаў здымкі другога кшталту ў “Ніве”. Не асобаў, а толькі той прасторы, у якой мы жылі, і матэрыяльнай, і духоўнай.

Тыднёвік “Ніва” 65 гадоў апісвае штодзённае жыццё беларусаў у Польшчы, публікуе матэрыялы на грамадскую, культурную тэматыкі, шмат краязнаўчых артыкулаў. Для дзяцей ёсць адмысловы дадатак “Зорка”. Заснавальнікам і першым галоўным рэдактарам “Нівы” быў Георгі Валкавыцкі, таксама ў розныя гады выданнем кіравалі: Яўген Мірановіч і Віталь Луба.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя