Тыдзень беларускай культуры ў Варшаве
У Беларускім Моладзевым Хабе Варшавы адкрылі Тыдзень беларускай культуры. На плошчы перад хабам сабралася шмат беларусаў. Гучала беларуская музыка, луналі бел-чырвона-белыя сцягі, дарослыя і дзеткі танчылі. Тыдзень культуры адкрыў кіраўнік Хаба Алесь Лабко.
З вітальным словам выступіла лідар дэмакратычнай супольнасці Беларусі Святлана Ціханоўская, якая з візітамі зараз знаходзіцца ў Варшаве:
– На такіх сустрэчах я зараджаюся энергіяй, напэўна без вас у мяне б ужо даўно апусціліся рукі. Таксама падтрымлівайце беларускую культуру, не саромейцеся гаварыць па-беларуску, бо гэта тое, што робіць нас адметнымі, што робіць нас беларусамі.
Паводле польскага амбасадара ў Беларусі Артура Міхальскага, які „зараз у выгнанні”, Тыдзень беларускай культуры – радасная для яго падзея:
– Трэба не забываць беларускую культуру, беларускую мову. Палякі павінны больш ведаць пра беларускую культуру і канешне беларусы ў Польшчы таксама павінны мець магчымасць развіваць сваю культуру і заставацца беларусамі.
Па словах аднаго з арганізатараў свята, кіраўніка Хаба Алеся Лабко, Тыдзень беларускай культуры працягнецца ў Моладзевым Хабе па 13 ліпеня.
Беларусы Варшавы змогуць насалоджвацца тэатралізаванымі выступамі, слухаць беларускае слова, выступы беларускіх музычных гуртоў.
Беларускае Радыё Рацыя