Тысячы расейцаў падпісалі петыцыю супраць знішчэння прадуктаў
Больш за 150 тыс. подпісаў сабрала петыцыя на сайце change.org з патрабаваннем адмяніць прэзідэнцкі ўказ аб знішчэнні санкцыйных прадуктаў, якія ўвозяцца ў Расею, паведамляе bbc.com.
Замест таго, каб знішчаць прадукты, аўтары петыцыі патрабуюць прыняць закон „Аб бязвыплатнай перадачы прадуктаў і тавараў народнага спажывання катэгорыям грамадзян Расеі, якія жывуць у нястачы.
„Навошта нам знішчаць свежыя еўрапейскія прадукты, якімі можна накарміць ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных, пацярпелых ад прыродных катаклізмаў і іншых, хто мае патрэбу?!”, – гаворыцца ў петыцыі.
Яе аўтары звяртаюць увагу на тое, што пасля падаражання некаторых прадуктаў, многія катэгорыі расейцаў вымушаныя абмяжоўваць сябе ў ежы. На думку аўтараў петыцыі, закон дапамог бы такім людзям „кампенсаваць тое, што яны страцілі ў выніку санкцый”.
Фота AFP
