У Адрынках асвяцілі помнік архімандрыту Гаўрыілу



У Адрынках асвяцілі помнік заснавальніку скіта – архімандрыту Гаўрыілу. 15-га верасня Царква ўспамінае святога Антонія, аднаго з нябесных заступнікаў адзінага ў Польшчы праваслаўнага скіта ў гонар святых Антонія і Феадосія Кіева-Пячэрскіх.

На свята ў скіт прыбыло некалькі соцень вернікаў, якія са слязьмі ўспаміналі заснавальніка скіта – архімандрыта Гаўрыіла.

– Ён вучыў сціпласці, веры ў Бога. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Вельмі шмат людзей яго ўспамінаць добрым словам.

– Бачыце, якое ў нас свята Антонія і Феадосія! Народ, дзякуй Богу, плыве сюды, таму што намоленае месца. І няма айца ў жывых, але памяць пра яго і ягоная магіла прыцягваюць людзей. Людзі яго помняць, ведаюць і ніколі не забудуць.

– Я думала не ехаць, бо ўчора ўвечары мне было цяжка, але сёння, калі пачула, што такое свята, то не дала рады ўседзець. Яшчэ прыязджаю на скутэры, даю рады. Дзякуй Богу за ўсё!

Скіт ва ўрочышчы Кудак над ракой Нарвай заснаваў менавіта архімандрыт Гаўрыіл. Першую багаслужбу правёў тут у чэрвені 2009 года. Сёлета тут быў асвечаны помнік на магіле заснавальніка скіта.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя