У Батумі пройдзе паўмарафон у падтрымку Украіны
Вялікае дабрачыннае мерапрыемства ў падтрымку Украіны адбудзецца 14 траўня ў грузінскім Батумі. На прабег ужо зарэгістравалася больш за 120 чалавек.
Пра мэты такога спаборніцтва распавядае беларуска Мілана, якая з´яўляецца суарганізатаркай гэтага мерапрыемства:
– Самая галоўная мэта гэтага забегу – канешне, збор сродкаў. То-бок будзе ўсталяваны данат-бокс збору сродкаў. Зноў жа ўсё гэта выключна дабрачынная гуманітарная місія, неабавязкова. Кожны ўдзельнік або той, хто прыйдзе падтрымаць удзельнікаў, можа пакласці вызначаную суму, якую ён лічыць патрэбнай. Гэта сума пойдзе ў Цэнтр дапамогі ўкраінцам, які знаходзіцца на Парнаваза, 46. Пасля збору вызначанай сумы, будзе зробленая закупка неабходных на той момант прадуктаў ці медыкаментаў менавіта ўкраінскім бежанцам, якія знаходзяцца тут.
Па словах Міланы, у гэтым прабегу прымуць удзел людзі розных нацыянальнасцяў:
– Самыя актыўныя – беларусы, то-бок каля 60 чалавек, пасля расейцы, украінцы. Таксама ў нас ёсць прадстаўнікі Казахстана, Латвіі, Ізраіля, ёсць адзін прадстаўнік Іярданіі. Будуць, канешне, і прадстаўнікі Грузіі. У нас няма абмежаванняў па ўзросту.
У забегу прымуць удзел аматары бегу рознага ўзросту. Самаму малодшаму – 10 год, старэйшаму – 50. Сярод арганізатараў мерапрыемства дыяспары беларусаў і ўкраінцаў, прадстаўнікі розных партый, а таксама мэрыя Аджарыі.
Беларускае Радыё Рацыя