У Беларусь без візаў – пакуль без ажыятажу



Больш за 1200 замежнікаў наведалі без візы Гародню і Аўгустоўскі канал.

мяжа

Фота AFP

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 26 кастрычніка і карыстаецца што раз большай папулярнасцю. Аднак многія наракаюць, што нельга паехаць у Беларусь без візы цягніком, які раз на дзень ідзе з Кракава ў Гародню.

Паводле маршалка Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскага, неўзабаве ўправа будзе звяртацца з просьбай да уладаў Беларусі, каб з’явілася такая магчымасць:

– Мы размаўлялі на гэтую тэму падчас апошняй сустрэчы, калі я быў у Гародні, каб гэта таксама прадугледжвалася. Фармальна мы пра гэта паведамім. Калі хтосьці едзе нават з Варшавы, каб без візы мог адразу ўехаць, будзем спрабаваць вырашыць гэту праблему.

Пакуль што без візы мяжу можна перасекчы на польска-беларускім пераходзе Кузніца-Брузгі і літоўска-беларускім Друскенікі-Прывалка.

Як адзначае ўласнік адной з беластоцкіх турфірмаў Яўген Лаўранюк, дагэтуль вялікага зацікаўлення з боку турыстаў бязвізавым уездам у Беларусь не было:

– Цяпер не сезон, як Белавежская пушча, турыстаў амаль няма, бо халодна, таксама ў Гародні. Больш цяпер карыстаюцца гэтай магчымасцю асобы, якія едуць да сем’яў, штосьці пашукаць, наведаць, а турысты менш. Турысты паедудуць насамрэч ад вясны.

Прыкладна праз год можна  будзе без віз трапіць цягніком з Беластока ў Гародню. Пра гэта паведаміў у Беластоку намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Пакуль што без візы на тэрыторыю Гародні і Аўгустоўскага канала можна ўехаць толькі на машыне і ровары на польска-беларускім пераходзе Кузніца-Брузгі і літоўска-беларускім Друскенікі-Прывалка. Вядуцца таксама перамовы, каб уключыць у бязвізавы рэжым падарожжа самалётам. Але гэта не ўсе змены, якія чакаюць турыстаў, кажа Віктар Лісковіч:

– Мы таксама плануем пашырыць зону – Гарадзенскі раён цалкам у рамках сваіх тэрытарыяльных межаў. Усё гэта паспрыяе больш простаму знаходжанню замежных грамадзян у гэтай зоне.

Дагэтуль, паводле афіцыйнай інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкама, бязвізавым рэжымам скарысталася амаль 2000 чалавек, дадае Віктар Лісковіч:

– Грамадзяне больш як 20-ці краін перасеклі мяжу, наведалі зону Аўгустоўскага канала. Пераважаюць грамадзяне Польшчы, Літвы, Германіі, Іспаніі, Францыі.

З 1-га траўня афіцыйна для бязвізавага рэжыму адкрыецца памежны пункт пропуску на Аўгустоўскім канале. Улады Падляшскага ваяводства хочуць, каб перасякаць мяжу праз пункт пропуску Рудаўка-Лясная можна было не толькі на байдарцы, але пешшу і на ровары. Таксама плануецца міжнародны фэст на водным пераходзе Рудаўка-Лясная.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя