У Беларусі выдадзена больш за 131 тысячу Картаў паляка
Выданне Rzeczpospolita выслала запыт у Міністэрства замежных спраў наконт колькасці выдадзеных Карт паляка ў Беларусі. Ведамства адказала, што ў перыяд з 2008 году (калі была ўведзена Карта паляка) да 24 верасня выдадзена ў дыпламатычных установах у Беларусі 131 тысяча 770 карт, а 1,5 тысячы заяваў знаходзіцца на стадыі разгляду.
Грамадзяне Беларусі надалей часцей за жыхароў іншых краін атрымліваюць карты, на другім месцы – украінцы. Дарэчы, картаў можа быць на самой справе значна больш, паколькі цягам апошніх двух гадоў дакументы можна атрымаць таксама ў Ваяводскім упраўленні ў Беластоку. На запыт выдання дзяржаўны орган не адказаў. Атрыманне Карты паляка не з’яўляецца ні простым, ні хуткім працэсам. Працэдура займае нават больш за год, а валодання польскай мовай і польская нацыянальнасці можа аказацца недастаткова. Аб выдачы карты вырашае гутарка з консулам або супрацоўнікам Ваяводскага ўпраўлення.
Беларускія ўлады негатыўна ставяцца да Карты паляка. Дзяржаўным чыноўнікам ці супрацоўнікам сілавых ведамстваў забаронена атрымліваць карту. Па словах кіраўніка замежнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валерыя Варанецкага, грамадзянін не можа быць лаяльным у адносінах да двух дзяржаў адначасова.