У беларускіх журналістаў, якія зараз ва Украіне, заблакавалі банкаўскія карткі
Аналагічная сітуацыя была ў лютым-сакавіку 2022 года пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Тады грамадзяне Беларусі былі пазбаўленыя магчымасці карыстацца банкаўскімі карткамі.
«Некалькі месяцаў давялося правесці без карткі, наогул не мог нармальным чынам атрымліваць заробак, замаўляць розныя рэчы, нават набыць анлайн-квіток. Прыходзілася прасіць сяброў, каб заробак налічвалі на іх карткі, што вельмі нязручна», – кажа беларускі журналіст Зміцер Галко, які жыве ва Украіне з 2014 года. Улетку 2022-га з дапамогай Беларускай асацыяцыі журналістаў карткі часткі беларускіх журналістаў удалося разблакаваць. Але сёння карткі зноў перасталі працаваць. «Наколькі мне вядома, ніхто з беларусаў не змог вырашыць праблему. Калі не змагу вярнуць доступ да рахунку, то не ўяўляю існаванне ва Украіне. Магчыма, прыйдзецца з’язджаць», – расказвае Зміцер Галко.
Ва Украіне цяпер знаходзяцца некалькі дзясяткаў беларускіх журналістаў. Яны асвятляюць украінскія падзеі для незалежных беларускіх медыя або валанцёраць.