У беларускім чаце разгарэўся скандал праз расейскую мову
У бацькоўскім чаце беларусаў у Польшчы выдалілі беларускамоўную абвестку пра тэатральны праект для дзяцей, бо ў далучанай форме не было расейскамоўнай версіі. Вядоўца і арганізатарка тэатральных заняткаў „Купалінка” Вольга Гардзейчык-Мазярска размясціла абвестку пра ініцыятыву актораў Купалаўскага тэатра для дзяцей. Аднак уладальніку чата не спадабалася, што ў беларускі чат выкладаецца форма без расейскай мовы.
Уладальнік чата, які налічвае 5322 удзельнікі, пад нікам ruum патлумачыў наступнае:
„Бачыў, што чалавек скінуў форму для тэатра, быў нейкі подпіс да гэтай формы. На мову, калі шчыра не звярнуў увагі, а вось форму дзеля цікаўнасці адкрыў. Што я бачу? У форме ідуць тры мовы: беларуская, украінская і польская. Стоп! А расейская мова дзе? Я выдаліў паведамленне з формай. Праз некаторы час да мяне ў асабістыя паведамленні ўварвалася жанчына, сказала, што яна з тэатра. Я спытаў, чаму форма не мае расейскай мовы, калі выкладаецца ў беларускі чат? Чаму ёсць украінская, а расейскай няма”.
Арганізатарка тэатральных заняткаў „Купалінка” Вольга Гардзейчык-Мазярска распавяла сваю версію таго, што адбылося:
Праект, пра які я размясціла ў чаце, – абсалютна бясплатны для дзяцей на паўгода з падрыхтоўкай спектаклю пра беларускія каляды. Беларускія і ўкраінскія, бо там ёсць украінскія выкладчыкі. Такі цалкам сімпатычны праект, які падтрымала фінансава мэрыя Варшавы. І я падумала, што цалкам лагічна паведаміць пра такі каштоўны праект для дзетак. Аднак гэтая абвестка знікла. Я напісала адміну гэтага чату. І прэтэнзіі ў яго былі наступныя, цытую: „я нічога не ведаю пра Беларусь, мая абвестка дакладна не для беларусаў, што я адымаю расейскую мову ў людзей”. І калі я паспрабавала яму патлумачыць, што ў гэтым чаце ёсць беларускамоўныя ў тым ліку людзі, ён сказаў, цытую: “вообще не понимаю почему такая форма и для кого она. И сколько людей говорит на беларуском”. Я перакананая, што гэта яскравая праява дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.
Дарэчы, паводле правілаў бацькоўскага чата „Беларусы Польшчы”, у ім забароненыя публікацыі з палітычных каналаў, груп і сайтаў. А карысныя навіны пра Беларусь дазволеныя са спасылкай на афіцыйныя беларускія крыніцы – дзяржаўныя СМІ Беларусі.
А пакуль уладальнік бацькоўскага чата беларусаў Польшчы змагаецца за расейскую мову, у самой Беларусі арыштоўваюць за беларускую. Напрыклад, у Гомелі жорстка затрымалі мужчыну, які адміністраваў групу Укантакце „За адзіную дзяржаўную мову Беларусі”.
Беларускае Радыё Рацыя