У Беларускім Доме ў Варшаве пройдзе XIX Мінскі Форум



12 лістапада ў Беларускім Доме ў Варшаве пройдзе XIX Мінскі Форум.

Вось ужо 19-ты раз, пачынаючы з 1997 года, на агульнай дыялогавай пляцоўцы сустрэнуцца прадстаўнікі навукі, культуры, палітыкі, эканомікі і грамадзянскай супольнасці з Беларусі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін-суседзяў.

Форум прысвечаны агульнай тэме: „BY – 30 гадоў незалежнасці“

Арганізатарам XIX Мінскага Форума з’яўляецца Нямецка-беларускае таварыства (dbg). Сярод партнёраў па супрацы – Фонд Конрада Адэнаўэра, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Інстытут палітычных даследаванняў „Палітычная сфера”, Фонд германа-польскага супрацоўніцтва, Беларускі дом у Варшаве, а таксама Еўрарадыё. Канферэнцыя праводзіцца пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германія.

У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай і рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў Беларусі, канферэнцыі пройдуць у гібрыдным фармаце ў Вільні, Берліне і Варшаве. Усе гарады маюць сімвалічны тэматычны падзел: у Вільні ў цэнтры ўвагі – гісторыя, ідэнтычнасць і дзяржаўнасць, у Варшаве – дыяспара, адукацыя і СМІ, а ў Берліне абмяркуюць палітыку і эканоміку ў дачыненні да Беларусі. Заключная дыскусія з парламентарыямі ЕЗ запланавана ў Бруселі.

Рабочыя мовы канферэнцыі – англійская і руская.

Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца і мець пашпарт вакцынацыі.

Паводле прэс-рэлізу