У Беластоку 2 кастрычніка пачынаецца тэатральны фестываль «Напрамак Усход»
Спатканне з тэатральнай культурай суседзяў і не толькі – гэта фестываль «Напрамак Усход», які пачынаецца ў Беластоку 2 кастрычніка. Драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі запрашае на спектаклі з Польшчы, Украіны, Літвы, Арменіі і Паўночнай Македоніі. Пакажуць ў рамках фестывалю і тры спектаклі з беларускімі акцэнтамі, гэта працы беларускіх творцаў, якія зараз вымушана знаходзяцца за мяжой.
Так званых «вейсцювак», запрашэнняў на спектаклі ўжо няма, што сведчыць пра шырокую цікаваць беластоцкай публікі да мерапрыемства, кажа намесніца дырэктара беластоцкага тэатра Мартына Занеўская. Але дадае.
-Маю такую пазітыўную інфармацыю, што засталося яшчэ крыху запрашэнняў на спектаклі, якія пройдуць на вялікіх сцэнах. Напэўна, ёсць на спектакль „Mewa” Віленскага тэатру OKT, на спектакль „HA*L*T” Тамары Труновай і на наш спектакль „Dekameron”.
У рамках фестывалю пакажуць 8 розных спектакляў, яго арганізатары заклікаюць сачыць за афішай.
Першы паказ адбудзецца ўжо 2 кастрычніка – гэта спектакль «Насця» Teatru Powszechnego з Варшавы. Рэжысёр беларус Юры Дзівакоў, а адну з галоўных роляў выконвае беларускі актор Мікалай Стонька, творцы пасля падзеў 2020 года жывуць ў Варшаве. Пра беларускія акцэнты сёлетняга, сёмага фестывалю расказвае дырэктар мясцовага тэатра Пётр Паўторак:
– Teatr Powszechny са спектаклем “Насця”. Міжнародны акторскі склад – польска-беларуска-украінскі. Фонд „Тутака” падрыхтаваў спектакль у рэжысуры Андрэя Саўчанкі «Святло ў цемры». Трэці спектакль – гэта група „Купалаўцы”, спектакль «Шэпт».
З беларусамі сітуацыя выглядае такім чынам: кантакты з афіцыйнымі тэатрамі ў Беларусі абарваліся пасля падзеў 2020 года, цяпер арганізатары фестывалю «Напрамак Усход» супрацоўнічаюць з незалежнымі беларускімі творцамі, якія апынуліся за мяжой, пераважна ў Польшчы.
Сёмы фестываль «Напрамак Усход» пройдзе з 2-га да 15-га кастрычніка ў Беластоку на розных сцэнах. Праект фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту ў рамках праграмы «Тэатр 2023» Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ды з бюджэту Падляшскага ваяводства.
Беларускае Радыё Рацыя