У Беластоку абмеркавалі спосабы процідзеяння кантрабандзе



Як абмежаваць прыток цыгарэтаў ды іншых нелегальных акцызных тавараў з-за мяжы? Пра гэта разважалі на двухдзённай канферэнцыі „Змаганне з кантрабандай – розныя перспектывы, супольная мета”, якая адбылася ў Беластоку 27-28 лістапада.

У сустрэчы прымалі ўдзел навукоўцы, якія займаюцца праблемай кантрабанды, а таксама мытнікі з усёй Польшчы.

Амаль палова цыгарэтаў, якія нелегальна трапляюць у Польшчу, паходзіць з Беларусі. Гэта вынік падаражэння тытунёвых вырабаў у Расеі і Украіне, кажа былы дырэктар „Бюро аналізу і інфармацыі” Управы аховы дзяржавы Пётр Немчык:

– Калі мы паглядзім, як выглядае структура продажу цыгарэтаў у Беларусі, то ўбачым, што найбольш у Гарадзенскай вобласці. У Гомельскай вобласці ў год прадаецца па 400 цыгарэтаў на аднаго жыхара ў год, а ў Гарадзенскай вобласці больш за 1000. Зразумела, што гэта тая розніца, якая ідзе для кантрабанды, але гэта не абгрунтоўвае такога вялікага наплыву цыгарэтаў у Польшчу. Падазраю, што гэта прадукцыя, якая дэ-факта прызначана для кантрабанды ўжо падчас вырабу на тытунёвай фабрыцы ў Гародні.

Паводле Пятра Немчыка, каб зменшыць прыток цыгарэтаў з Беларусі, польскія ўлады павінны выкарыстаць палітычныя і гаспадарчыя аргументы супраць Беларусі. Польшча павінна патрабаваць ад беларускай адміністрацыі фінансавага пакарання ўсіх праяваў нелегальнай дзейнасці тытунёвых прадпрыемстваў пад пагрозай гаспадарчых санкцый.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя